Мазыр: назіральнік просіць пракуратуру правесці праверку на адпаведнасць закону падпісных лістоў за Улаховіча і Гайдукевіча
У Мазыры назіральніку Уладзіміру Целяпуну раённая камісія не прадставіла магчымасці азнаёміцца з падпіснымі лістамі за магчымых кандыдатаў. Зараз ён накіраваў у пракуратуру заяву з нагоды парушэння выбарчага заканадаўства, у якой указаў, што згодна Канстытуцыі і Выбарчага кодэксу падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і галосна. Тым часам раённая камісія не прадставіла назіральніку магчымасці азнаёміцца з подпісамі.
«Мазырская раённая выбарчая камісія - гэта калегіяльны орган, і ўсе звароты павінны разглядацца на паседжанні камісіі. На паседжанні Мазырскай выбарчай камісіі 25 жніўня мая заява не была разгледжана ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам. Звяртаю ўвагу, што рашэння па маёй скарзе камісіяй, як калегіяльным органам, не прымалася, на абмеркаванне і галасаванне членаў камісіі не прапаноўвалася і не ставілася. Падпісныя лісты за Гайдукевіча правяраліся старшышёй камісіі Баранавым і намеснікам старшыні Байковай. Падпісныя лісты за Улаховіча правяраліся членам камісіі Чыгер. Прагледзець падпісныя лісты гэтых прэтэндэнтаў усім членам камісіі не прапаноўвалася. Ім былі раздадзены гатовыя пратаколы для падпісання», - звяртае ўвагу пракуратуры назіральнік.
Ён просіць пракуратуру правесці праверку на прадмет адпаведнасці заканадаўству падпісных лістоў за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты Мікалая Улаховіча і Сяргея Гайдукевіча, і прадставіць магчымасць азнаёміцца ўсё ж з падпіснымі лістамі за магчымых кандыдатаў.
Тым часам у Рэчыцы раённая выбарчая камісія праверыла падпісныя лісты ў падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты і не выявіла сур'ёзных парушэнняў. Усяго ў камісію паступілі падпісныя лісты ад трох ініцыятыўных груп у падтрымку вылучэння трох кандыдатаў: Таццяны Караткевіч (1 012 подпісаў), Аляксандра Лукашэнкі (24 260 подпісаў) і Мікалая Улаховіча (386). «Камісія не выявіла сур'ёзных парушэнняў, якія б утрымліваліся ў правераных падпісных лістах, аб чым і прыняла адпаведнае рашэнне», - паведамляе мясцовая газета «Дняпровец».
На паседжанні прысутнічаў назіральнік ад БХК Валер Пуціцкі. Па яго словах, былі забракаваныя толькі 6 подпісаў за Лукашэнку, 3 – за Караткевіч і адзін – за Улаховіча. Назіральніку далі магчымасць азнаёміцца з падпіснымі лістамі. «Што кінулася ў вочы – у падпісных лістах за Лукашэнку ў «шапцы» прозвішча сябра ініцыятыўнай групы пісалася адным почыркам, самі ж лісты, маю на ўвазе прозвішча і ініцыялы тых, хто ставіў подпісы, запаўняліся рознымі почыркамі. А подпісы пад лістамі ставіў, відаць, іншы сябра ініцыятыўнай групы. Таму невядома, хто там на самой справе збіраў подпісы», - адзначыў Валер Пуціцкі.