Назіральнік скардзіцца Генпракурору на няведанне законаў у Гродзенскай пракуратуры (дакументы)
Яшчэ 18 ліпеня гродзенскі праваабаронца, назіральнік ад БХК Раман Юргель накіраваў заказнымі лістамі заявы ў Гродзенскую абласную пракуратуру і ЦВК Рэспублікі Беларусь. Назіральнік звяртаў увагу на тое, што ў адведзены тэрмін – не пазней 17 ліпеня 2015 году органы выканаўчай улады павінны былі вызначыць месцы, якія забароненыя для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў, з абавязковай публікацыяй адпаведнай інфармацыі на сайтах органаў выканаўчай улады. Аднак не ўсе выканкамы апублікавалі на сваіх афіцыйных інтэрнэт-старонках адпаведныя рашэнні. Да прыкладу, гэта зафіксавана на сайтах Гродзенскага гарвыканкаму, Ашмянскага, Слонімскага райвыканкамаў.
З ЦВК Раман Юргель атрымаў афіцыйны адказ за подпісам старшыні Лідзіі Ярмошынай у трохдзённы тэрмін. Цэнтральная камісія не ўгледзела парушэнняў выбарчага заканадаўства.
Пракуратура ж Гродзенскай вобласці чамусьці не кіравалася артыкулам 49 (1) Выбарчага кодэксу і пераслала заяву Юргеля ў Гродзенскі аблвыканкам. Адтуль Раман Юргель атрымаў афіцыйны адказ не праз 3 дні, а ажно праз 16 (!) дзён. Адказ падпісаны начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Паўлам Скрабко.
Раман Юргель перакананы, што ў дадзенай сітуацыі пракуратурай парушаны артыкул 49 (1) Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь -- тэрміны пісьмовага адказу на пададзеныя заявы па пытаннях выбарчай кампаніі. У адпаведнасці з заканадаўствам, такія звароты павінны разглядацца ў трохдзённы тэрмін, што павінен ведаць і намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Анатоль Іванюк, які пераслаў зварот Юргеля ў абласны выканкам.
У такой сітуацыі Раман Юргель накіраваў заяву Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь. У ёй ён просіць правесці пракурорскую праверку, прыцягнуць за парушэнне заканадаўства да адміністрацыйнай адказнасці Паўла Скрабко, а таксама рэкамендаваць Савету міністраў і Адміністрацыі Прэзідэнта РБ правесці пераатэстацыю чыноўнікаў адпаведнага аддзелу Гродзенскага аблвыканкаму.