Бабруйск: подпісы за Цярэшчанку прызналі несапраўднымі
У Бабруйску і раёне прайшлі паседжанні, на якіх сябры ТВК агучылі вынікі праверкі прадстаўленых ініцыятыўнымі групамі подпісаў. На паседжаннях прысутнічалі назіральнікі ад БХК.
У тэрытарыяльнай камісіі Першамайскага раёну знайшлі чатыры несапраўдныя подпісы за Аляксандра Лукашэнку, (пададзена 26 183 подпісаў), шэсць несапраўдных у Мікалая Улаховіча (з 11 229).Ні аднаго несапраўднага подпісу не знайшлі сярод пададзеных ініцыятыўнай групай Таццяны Караткевіч (падалі 2 734). Подпісы Віктара Цярэшчанкі правяраючыя прызналі несапраўднымі.
- У першай праверцы разгледзелі 850 подпісаў, пададзеных за Цярэшчанку, знайшлі 179 несапраўдных. У другой праверцы ўзялі яшчэ 307 подпісаў, з іх было несапраўдных 291. Атрымалася, што 94,8 працэнты несапраўдных, - распавядае назіральнік ад БХК Віктар Качан. - Паседжанне доўжылася 20 хвілін, акрамя мяне назіральнікаў на ім не было.
У Ленінскім раёне подпісы, сабраныя за Віктара Цярэшчанку, таксама прызналі несапраўднымі. Нагадаем, што сябры ТВК яшчэ на паседжанні па вызначэнні працэдуры праверкі адзначылі, што подпісы Цярэшчанкі выклікаюць пытанні. За Цярэшчанку ў Ленінскім раёне было пададзена 878 подпісаў, з іх праверылі 86 і знайшлі 60 несапраўдных. У другой праверцы знайшлі яшчэ 46 несапраўдных подпісаў.
Сярод подпісаў за Аляксандра Лукашэнку знайшлі пяць несапраўдных (пададзена 23 597), за Сяргея Гайдукевіча 18 несапраўдных (падалі 3 941), за Таццяну Караткевіч шэсць несапраўдных (падалі 1 792), за Мікалая Улаховіча адзін несапраўдны подпіс (пададзена 223 подпісы).
На паседжанні ТВК Бабруйскага раёну сярод подпісаў Ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч знайшлі дзевяць несапраўдных (пададзена 108), за Сяргея Гайдукевіча 10 несапраўдных (пададзена 78), за Мікалая Улаховіча сем несапраўдных подпісаў (пададзена 85).
У асноўным прычына несапраўднасці заключалася ў тым, што падпісанты былі прапісаны не ў Бабруйскім раёне.
Як расказаў назіральнік ад БХК Аляксандр Леаненка, сярод подпісаў пададзеных за Аляксандра Лукашэнку знайшлі 20 несапраўдных (пададзена 5 202). Але, як адзначыў назіральнік, гэтыя подпісы ўжо да моманту праверкі былі выкрэсленыя ў падпісных лістах асадкай.