Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Праваабаронцу не дазволілі назіраць за праверкай подпісаў

Праваабаронца Барыс Бухель.
Праваабаронца Барыс Бухель.

Старшыня Кастрычніцкай у г. Магілёве раённай выбарчай камісіі Аляксандр Кажамякін спачатку доўга не мог даць выразны адказ, ці можна назіральніку Барысу Бухелю прысутнічаць пры праверцы подпісаў, але потым «прызнаўся».

20 жніўня Барыс Бухель звярнуўся ў Кастрычніцкую РВК з заявай з просьбай паведаміць дату і час, а таксама канкрэтнае месца працы камісіі па праверцы падпісных лістоў. Акрамя гэтага, праваабаронца папрасіў дапусціць яго да назірання за працэдурай на любым этапе праверкі і ў любы час.
У адказ старшыня раённай камісіі Аляксандр Кажамякін сваім лістом паведаміў, што аб усіх пасяджэннях праваабаронца будзе праінфармаваны загадзя, што і робіцца. А вось ад пытання аб назіранні за праверкай подпісаў Кажамякін вылузаўся.

- Мне паведамілі час і месца паседжання, да гэтага ў мяне прэтэнзій няма. Але ці дапускаюць мяне да назірання за праверкай подпісаў, я прамога адказу не атрымаў. Замест гэтага Аляксандр Кажамякін проста скапіяваў ч.5 арт. 13 Выбарчага кодэкса, у якой пазначаны правы назіральнікаў, і даслаў яе замест адказу.

Не задаволіўшыся невыразным адказам, 27 жніўня Барыс Бухель нанёс візіт Кажамякіну, каб задаць тое ж самае пытанне.

- Калі я спытаў, ці дапускаюць мяне да назірання за праверкай сапраўднасці подпісаў, старшыня Кастрычніцкай РВК адказаў, што ўсю неабходную інфармацыю ён даў у пісьмовым адказе на заяву. Тады я яшчэ раз папрасіў сфармуляваць адказ: так ці не, і нагадаў, пра ч.1 арт.13 ВК, у якой загадана падрыхтоўку і правядзенне любых выбараў і рэферэндумаў ажыццяўляць адкрыта і галосна, і што нормы права павінны разумецца літаральна, асабліва ў спрэчных сітуацыях. Таксама я яму сказаў, што ва ўсіх выбарчых кампаніях галоўным пытаннем з'яўляецца пытанне даверу. Але ён зноў прапанаваў мне пачытаць усю тую ж ч.5 арт. 13 Выбарчага кодэкса.

Падчас размовы Барыс Бухель звярнуў увагу на пікантную дэталь.

- Наша гутарка праходзіла ў кабінеце выбарчай камісіі, у якой Аляксандр Канстанцінавіч знаходзіўся адзін і працаваў за кампутарам. На стале ў яго ляжалі падпісныя лісты за нейкага прэтэндэнта ў кандыдаты. Гэта значыць старшыня камісіі без якой-небудзь рабочай групы, у адзіночку ў пустым кабінеце правяраў сапраўднасць подпісаў, што ён і пацвердзіў на маё прамое пытанне. Тады, каб дамагчыся прамога і яснага адказу, я проста спытаў у Аляксандра Канстанцінавіча дазволу стаць у яго за спіной або сесці побач з ім і назіраць за тым, як ён правярае подпісы, тым больш, што правярае іх ён адзін, без сведак. Толькі тады старшыня выбаркама, як і ў мінулыя выбарчыя кампаніі, прама і, як абяцаў, стандартна, адказаў, што назіраць за праверкай сапраўднасці подпісаў мне нельга.

Я лічу, што забарона непасрэдна назіраць у любы час і ў любым месцы за працэдурай праверкі подпісаў і саміх падпісных лістоў з'яўляецца парушэннем і наўпрост супярэчыць часткам 1 і 2 арт.13 Выбарчага кодэкса, дзе ўстаноўлена, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна.

І гэты факт парушэння пацвярджаецца тым, што ў іншай раённай камісіі, Ленінскай, як паведаміў назіральнік, праваабаронца Аляксей Колчын, як і ў мінулыя выбарчыя кампаніі, асаблівых складанасцяў у назіранні за праверкай подпісаў і падпісных лістоў у яго няма. Атрымліваецца, што старшыні двух РВК у Магілёве з кампаніі ў кампанію па рознаму трактуюць Выбарчы кодэкс у гэтай частцы, а ўсе вышэйстаячыя выбаркамі і пракуратуры на гэты разнабой ніяк не рэагуюць, а толькі, як паказвае мінулы вопыт, даюць стандартныя адпіскі на скаргі недапушчаныхназіральнікаў, што ўсё правільна і законна, - заявіў Барыс Бухель.

"Магілёўская Вясна".


Каментары