Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

У Глуску раённая камісія забракавала толькі адзін подпіс за вылучэнне Мікалая Улаховіча

У Глуску 28 жніўня адбылося пасяджэнне раённай выбарчай камісіі, на якім былі падведзеныя вынікі праверкі сапраўднасці подпісаў, пададзеных за вылучэнне кандыдатаў на пасаду прэзідэнта РБ.

У пасяджэнні камісіі прынялі ўдзел усе адзінадцаць яе членаў, таксама на пасяджэнні прысутнічалі чатыры назіральнікі, у тым ліку назіральнік ад Беларускага Хельсінскага камітэта Ігар Кірын.

Па словах Ігара Кірына, на пасяджэнні была агучаная інфармацыя пра тое, што па выніках праверкі подпісаў, пададзеных за вылучэнне кандыдатаў на пасаду прэзідэнта РБ у Глускім раёне, быў знойдзены толькі адзін несапраўдны подпіс за вылучэнне Мікалая Улаховіча, а ўсе пададзеныя за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі подпісы выбаршчыкаў прызнаныя сапраўднымі.

Таксама на пасяджэнні высветлілася, што большасць падпісантаў за вылучэнне Мікалая Улаховіча на пасаду прэзідэнта РБ складаюць супрацоўнікі Глускага райспажыўтаварыства. Як вядома, зараз Мікалай Улаховіч працуе намеснікам старшыні аблспажыўсаюза Мінскай вобласці.

Назіральнік ад КПБ Павел Еўпак паставіў пытанне старшыні камісіі аб тым, што неабходна больш аператыўна змяшчаць на сайце Глускага райвыканкама інфармацыю аб пасяджэннях і выніках працы Глускай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта РБ, на што старшыня камісі зазначыў, што тут мае месца недапрацоўка аргаддзела Глускага райвыканкама.

Усяго пасяджэнне камісіі ў Глуску цягнулася 11 хвілін.

Ігар Кірын адзначыў таксама, што на інтэрнэт-сайце Глускага райвыканкама нарэшце з’явілася інфармацыя пра склад участковых выбарчых камісій у Глускім раёне. Усяго ў склад 18 камісій увайшло 174 чалавекі, у параўнанні з прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года іх склад абнавіўся на 38%. Назіральнік адзначае, што ў складзе ўчастковых выбарчых камісій даволі шмат прадстаўнікоў Глускага райвыканкама і падначаленых яму арганізацый.

Нагадаем, што назіральніка БХК Ігара Кірына не дапусцілі на пасяджэнне Глускага райвыканкама, на якім адбывалася фармаванне ўчастковых выбарчых камісій.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары