Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

У Віцебску стваралі "працоўныя групы" для адбору ва ўчастковыя камісіі

У прыватнасці, адміністрацыяй Кастрычніцкага раёну была створаная працоўная група, што не прадугледжана выбарчым законам. Высветлілася, што група вывучала дасье ўсіх кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі, а потым рабіла высновы. У выніку апазіцыйныя актывісты ў камісіі не трапілі.

Чальцы працоўнай групы аналізавалі досвед працы кандыдатаў і ўдзел у сацыяльна-грамадскіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ўладамі ў перыяд паміж выбарчымі кампаніямі. Якраз гэтым крытэрам адпавядалі сябры прадзяржаўных грамадскіх арганізацыяў і аб'яднанняў, якія і ўвайшлі ў склад участковых выбарчых камісій. Што да апазіцыянераў, то было вырашана, што яны недастаткова кваліфікаваныя для працы па падліку галасоў.

Трапілі ў камісіі і прадстаўнікі праўладных грамадскіх структур. Віцебскае грамадкае аб'яднанне "Самакіраванне і грамадства", напэўна, палічылі не зусім лаяльным, гаворыць старшыня Храстафор Жаляпаў:

"Магу распавесці пра ўласны прыклад. Ва ўчастковую камісію мяне не ўключылі, нягледзячы на наяўнасць адпаведнага досведу: у 1995 годзе я быў чальцом гарадской выбарчай камісіі, у свой час паўдзельнічаў у выбарах у самай рознай якасці – быў дэпутатам гарсавета, кандыдатам у дэпутаты саветаў рознага ўзроўню, кіраўніком абласных штабоў двух кандыдатаў у прэзідэнты. Такі ж досвед у майго сябра Аляксея Гаўруцікава – ён таксама быў дэпутатам гарсавету, удзельнікам бадай што кожнай выбарчай кампаніі. Аднак у камісіях, каб лічыць галасы, нам месца не знайшлося. Я патэлефанаваў у арганізацыйны аддзел Першамайскай раённай адміністрацыі, аднак мне сказалі, што тлумачэнні магу атрымаць толькі ад старшыні райвыканкаму. Буду абскарджваць тое, што мяне не ўключылі. Дый не толькі мяне. Ад нашага грамадскага аб'яднання прэтэндавалі на ўдзел ва ўчастковых камісіях 11 чалавек па ўсёй Віцебскай вобласці. Трапілі ж у камісіі толькі 4 чалавекі".

Віцебск не стаў выключэннем: ва ўчастковыя камсісіі трапілі далёка не ўсе апазыцыйныя актывісты з Аршанскага раёну. Так, з 24 прэтэндэнтаў ад Партыі левых "Справядлівы свет" у камісіі ўключылі 15 чалавек, з 7 сябраў АГП – толькі 1. Прыхільнікаў стварэння партыі БХД, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, не ўключылі ўвогуле.

Калі прааналізаваць склад створаных камісіяў, то вынікае, што яны, незалежна ад таго, якім чынам людзі былі туды вылучаныя, згрупаваныя па "вытворчым прынцыпе". Усе або большасць чальцоў – гэта, як правіла, работнікі аднаго і таго ж працоўнага калектыву. Прычым найчасцей гэта дзяржаўнае прадпрыемства, а кіраўнік камісіі – вышэйшы ў вытворчым рангу. Такія камісіі зручней кантраляваць, калі ў іх працуюць падначаленыя, лічаць праваабаронцы.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары