Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Мазыр: подпісы за трох прэтэндэнтаў у кандыдаты – з мінімальнымі хібамі

Мазырская раённая камісія на працягу двух дзён правярала подпісы, здадзеныя за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. У раённую камісію паступілі подпісы ад ініцыятыўных груп трох прэтэндэнтаў – Аляксандра Лукашэнкі (больш за 22 тысячы подпісаў), Сяргея Гайдукевіча (1 769 подпісаў) і Мікалая Улаховіча (348 подпісаў).

27 жніўня адбылося паседжанне мясцовага выбаркаму на тэму «Зацвярджэнне праверкі подпісаў выбаршчыкаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты».

На мерапрыемстве прысутнічаў назіральнік Уладзімір Целяпун. Па яго словах, з узятых на праверку 438 подпісаў за Гайдукевіча несапраўднымі прызнаны 3 подпісы (дата подпісу напісана не самім выбаршчыкам), што склала 0,6%. За Лукашэнку з узятых для праверкі 5594 подпісаў несапраўднымі прызнаны 18 (0,3%) па той жа прычыне (дата подпісу напісана не рукой выбаршчыка). За Улаховіча з 86 узятых для праверкі подпісаў 2 прызнаны несапраўднымі (2,3%, па той жа прычыне, як і ў іншых прэтэндэнтаў).

Уладзімір Целяпун заўважыў, што з пяці зарэгістраваных назіральнікаў у Мазырскай выбарчай камісіі ўжо каторае паседжанне ён прысутнічае адзін.

Увесь працэс праверкі подпісаў сябрамі камісіі адбыўся цягам двух дзён (перададзены на праверку 25 жніўня (14-00) і па 27-е (16-00). Назіральніку было адмоўлена ў праглядзе і азнаямленні з падпіснымі аркушамі. Ён прапанаваў усім членам Мазырскай раённай выбарчай камісіі перад тым, як падпісваць пратакол паседжання, азнаёміцца з падпіснымі аркушамі ўсіх прэтэндэнтаў. Намеснік старшыні камісіі Вераніка Байкова папракнула Уладзіміра Целяпуна, што ён не давярае членам камісіі, лічыць іх не кампетэнтнымі. Таксама Байкова адзначыла, што яна ўжо больш за 10 гадоў працуе ў выбарчых камісіях.

«З прысутных членаў камісіі рэпліку ўставіў толькі Мікалай Дзегцяроў. Ён так адказаў на маю прапанову азнаёміцца з падпіснымі аркушамі – маўляў, усе падпісныя аркушы ляжалі на стале, і ён мог паглядзець любы аркуш, але яму гэта нецікава, ён сам вырашае, што і як рабіць», - адзначыў назіральнік.

«Калі пачалося падпісанне пратакола паседжання камісіі, я сышоў. Магчыма, у некаторых сябраў камісіі і з’явілася жаданне хоць паглядзець на падпісныя аркушы, якія яны зацвярджалі», - рэзюмаваў Уладзімір Целяпун.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары