Назіральнікі просяць Маладзечанскую пракуратуру праверыць падпісныя лісты
Назіральнікі з Маладзечна Эдуард Баланчук і Аляксандр Капуцкі накіравалі заяву пракурору Маладзечанскага раёна на парушэнне выбарчага заканадаўства ў частцы афармлення падпісных лістоў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты.
22 жніўня, падчас паседжання Маладзечанскай раённай камісіі па праверцы подпісаў Э. Баланчук і А. Капуцкі заўважылі шэраг парушэнняў у падпісных лістах, якія засталіся па-за праверкай камісіі, па вылучэнні Мікалая Улаховіча і Сяргея Гайдукевіча кандыдатамі на пасаду прэзідэнта.
Так, назіральнікі адзначаюць, што ў падпісных лістах:
- сустракаюцца подпісы грамадзянаў з іншых раёнаў, грамадзянаў з відам на жыхарства;
- даты падпісання ў некаторых лістах прастаўлены адной рукой;
- выклікае сумненне сапраўднасць подпісаў выбаршчыкаў, бо графалагічна яны падобныя адзін да аднаго;
- у некаторых лістах подчырк запісу дадзеных (фамілія і імя) сябры ініцыятыўнай групы адрозніваецца ад почырка, якім запісаны дадзеныя выбаршчыкаў.
Азнаёміцца з падпіснымі лістамі, адабранымі да праверкі камісіяй, назіральнікам не далі.
На падставе адзначаных заўвагаў А. Капуцкі і Э. Баланчук просяць пракуратуру Маладзечанскага раёна правесці праверку на прадмет адпаведнасці заканадаўству падпісных лістоў за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты М. Улаховіча і С. Гайдукевіча.