Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Астравец: сябра АГП абскарджвае сваё неўключэнне ва ўчастковую камісію

Фота Westki.info
Фота Westki.info

Сябра АГП Мікалай Уласевіч накіраваў скаргу ў суд Астравецкага раёну на дзеянні Астравецкага райвыканкаму, які адмовіў ва ўключэнні яго ў склад участковай камісіі. 25 жніўня ў раёне былі сфармаваныя УВК. Мікалай Уласевіч вылучаўся партыяй АГП у склад Варнянскай учасковай камісіі №7, аднак не быў туды ўключаны.

   Як адзначае Мікалай Уласевіч, паседжанне па фармаванні ўчастковых камісій у Астравецкім раёне праходзіла з парушэннем прынцыпаў адкрытасці і галоснасці. Фактычна яно прайшло ў закрытым рэжыме. Мікалай Уласевіч не быў праінфармаваны пра месца і час правядзення паседжання, нягледзячы на свой своечасовы зварот. На гэта яму было сказана чытаць афіцыйны сайт Астравецкага райвыканкаму, аднак там адпаведнай інфармацыі не было.

   Мікалай Уласевіч просіць прызнаць рашэнне па фармаванні ўчастковых камісій у Астравецкім раёне незаконным і перагледзець яго.

У гэтыя ж дні Уласевіч атрымаў афіцыйную адмову з Галоўнага упраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкаму. Чыноўнікі ўжо трэці раз за апошнія гады адмаўляюць у пастаноўцы на ўлік Астравецкай раённай арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі. Прадстаўнікі ўпраўлення юстыцыі адмаўляюцца лічыць альтанку ў Варнянах, на якую ёсць адпаведныя дакументы як на нежылое памяшканне, менавіта нежылым памяшканнем. Яны лічаць тэхнічны пашпарт альтанкі пашпартам жылога дому.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары