Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Бяроза: пра сваё неўключэнне ў камісіі прадстаўнікам дэмакратыных партый прыйшлося даведвацца праз ЦВК

Электронную скаргу ў ЦВК у 9 гадзін раніцы накіравала Тамара Шчапёткіна, якая была вылучана ва ўчастковую камісію ад Партыі БНФ. Яна паведаміла пра тое, што да гэтага часу прэтэндэнты на сяброўства ва ўчастковых камісіях ад Партыі БНФ і БСДП(Г) не могуць даведацца, ці ўключылі іх у камісіі. На паседжанні Бярозаўскага райвыканкама 25 жніўня спісы не агучваліся. Прагучала толькі, колькі камісій ствараецца, што ёсць падрыхтаванае рашэнне, і што ў камісію ўключаны людзі, якія ведаюць, як працаваць. На пытанне, каго з накіраваных прэтэндэнтаў ад дэмакратычных партый уключылі ў камісіі, быў дадзены адказ: даведаецеся з газеты “Маяк” і сайта райвыканкама. Але ў нумары “Маяка” за 26 жніўня спісаў не было, а чарговы павінен выйсці 29 жніўня. Пры гэтым тэрмін для абскарджвання за неўключэнне сыходзіць 27 жніўня, то бок у трохдзённы тэрмін.

Не дачакаўшыся адказу, у 14.30 Шчапёткіна патэлефанавала ў ЦВК і сказала, што зыходзіць тэрмін для абскарджвання, а спісаў усё няма. Загадчыца арганізацыйна-прававога аддзела ЦВК Алена Дмухайла паабяцала пазваніць у райвыканкам, каб даведацца, ці ўключылі Шчапёткіну ў склад камісіі. У 15.30 Алена Дмухайла ператэлефанавала Шчапёткінай, што яе не ўключылі, і яна можа абскарджваць.

Тамара Шчапёткіна на пачатку 17 гадзіны даведалася, што на сайце Бярозаўскага райвыканкама з’явіліся спісы. З 7 чалавек ад апазіцыі ніхто не трапіў у склад участковых камісій.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары