У складзе ўчастковых выбарчых камісій у Бялыніцкім раёне пераважаюць вопытныя кадры
Бялыніцкі райвыканкам сваім рашэннем №24-1 ад 24 жніўня 2015 года “Аб стварэнні ўчастковых камісій па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” зацвердзіў адпаведныя камісіі на тэрыторыі раёна.
Усяго на тэрыторыі Бялыніцкага раёна створана 19 участковых выбарчых камісій, колькасць членаў у якіх складае ад 5 да 17 чалавек. Камісіі з найбольшай колькасцю членаў створаныя ў гарадскім пасёлку Бялынічы, дзе пражывае значная колькасць выбаршчыкаў, невялікія па колькасці ўчастковыя выбарчыя камісіі створаны ў сельскіх населеных пунктах, а таксама на выбарчых участках у Бялыніцкай ЦРБ і Бялыніцкім доме для састарэлых і інвалідаў. Аснову складу камісій на ўсіх выбарчых участках у Бялыніцкім раёне склалі людзі, якія ўжо неаднаразова працавалі ў камісіях на выбарах розных узроўняў.
Прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый у склад участковых выбарчых камісій у Бялыніцкім раёне не вылучаліся.
Таксама стала вядома, што на праверку ў Бялыніцкую раённую камісію па выбарах прэзідэнта РБ былі здадзеныя падпісныя лісты ад трох ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. За вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты дзеючага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі было пададзена 6 716 подпісаў, Таццяны Караткевіч – 214 подпісаў, Мікалая Улаховіча – 632 подпісы выбаршчыкаў. Як раней ужо паведламляў наш сайт, у Бялынічах мелі месца выпадкі збору подпісаў за вылучэнне Мікалая Улаховіча супрацоўнікамі Бялыніцкага райспажыўтаварыства непасрэдна на працоўных месцах.
Зараз Бялыніцкая раённая выбарчая камісія праводзіць праверку падпісных лістоў, якія прадастаўлены ініцыятыўнымі групамі патэнцыйных кандыдатаў. Для праверкі адабраныя 21% подпісаў са здадзеных ад кожнай ініцыятыўнай групы.