Фарміраванне выбарчых камісій у Магілёве: хутка, ціха, усе свае
26 жніўня а 8 гадзіны раніцы ў адміністрацыях Ленінскага і Кастрычніцкага райвыканкамаў Магілёва сфарміравалі выбарчыя камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У кожную з «адкрытых» камісій увайшло па 15 чалавек, прытым, што максімальная колькасць членаў абмежавана 19. Пры гэтым ніхто з прадстаўнікоў апазіцыі ў склад не трапіў.
- Сярод крытэраў адмовы пазначалі адсутнасць працы, адсутнасць досведу удзелу ва УВК, удзелу ў ініцыятыўных групах, занадта стары або занадта малады ўзрост, невядома якія адміністрацыйныя спагнанні, недакладнасці ў дакументах, па два чалавекі ад адной арганізацыі ў адну УВК- распавёў праваабаронца Барыс Бухель, які прысутнічаў на пасяджэнні ў Кастрычніцкім райвыканкаме.
- Пры гэтым працэс праходзіў вельмі хутка, усё скончылася хвілін за 20. Проста галасавалі агульным спісам адразу за ўсе камісіі, нават не агучваючы ніякіх дэталяў па кожнай асобнай. Відаць, вельмі хацелі усё хутка скончыць. У канцы пасяджэння кіраўнік адміністрацыі Міхал Галушкоў спытаў, ці ёсць у каго-небудзь з членаў адміністрацыі заўвагі, і паколькі заўваг не было, адразу прапанаваў галасаваць. На пасяджэнне я прыйшоў са спісамі кандыдатаў у члены УВК ад апазіцыйных партый і таму падняў руку і папрасіў дазволу задаць адпаведныя пытанні да пачатку галасавання, каб члены адміністрацыі маглі пачуць і іншае меркаванне. На гэта старшыня мне сказаў, што ў склад адміністрацыі я не ўваходжу, і таму ён не дазваляе мне задаваць пытанні.
Я запярэчыў, што пасяджэнне адкрытае, але ён застаўся пры сваім і тут жа адміністрацыя аднагалосна прагаласавала. Гэтая забарона задаваць пытанні лічу неабгрунтаванай, бо, напрыклад, раней мне на сумесным пасяджэнні ў аблвыканкаме яго старшыня пры фарміраванні абласной выбарчай камісіі яшчэ да галасавання дазволіў задаваць пытанні.
Пры гэтым, адзначу, што на паседжанні не было ніводнага прадстаўніка апазіцыі, якія б маглі таксама задаць пытанні наконт выбару чальцоў УВК. Больш за тое, як высветлілася пазней, магілеўскія прадстаўнікі палітычных партый не збіраюцца абскарджваць неўключэнне ў склад УВК, што можна патлумачыць тым, што падчас ранейшых палітычных кампаніяў такія скаргі суды проста не задавальнялі.
Магілёўскаму праваабаронцу ўдалося перадаць свае заўвагі назіральніку ад СНД, які таксама прысутнічаў на гэтай сустрэчы.
-У Кастрычніцкую РВК ад апазіцыйных партый паступіла не шмат дакументаў, бо людзі баяцца рэпрэсій на працы і па месцы вучобы: ад АГП - 11 чалавек, ад «Справядлівага свету» - 2. Улічваючы, што ў «адкрытыя» камісіі можна было ўключыць па 19 чалавек, а ўключылі ўсяго па 15, прадстаўнікі апазіцыі па праву маглі разлічваць на месца ў камісіі, але іх не ўключылі, каб пазбегнуць чужых некантраляваных вачэй і вушэй.
Акрамя гэтага, я звярнуў увагу назіральніка ад СНД на тое, што па вопыту мінулых выбарчых кампаній спісы сфарміраваныя па «вытворчаму прынцыпу» - у іх ёсць дырэктары прадпрыемстваў, іх намеснікі, завучы школ, а шэраговыя члены гэтых УВК - іх падначаленыя па працы . Увогуле, гэта людзі, у дачыненні да якіх досыць лёгка можна задзейнічаць адміністрацыйны рэсурс, - адзначыў Барыс Бухель.
- Пасля сустрэчы я таксама пагаварыў з Дзмітрыем Цімафеенка, начальнікам арганізацыйна-кадравай работы адміністрацыі і намеснікам старшыні Кастрычніцкай РВК. Калі я сказаў, што хацеў бы азнаёміцца з усімі трапіўшымі ў РВК дакументамі, на падставе якіх сфармаваныя ўчастковыя камісіі, бо ў Выбарчым кодэксе сказана, што выбарчыя кампаніі павінны праводзіцца адкрыта і галосна, ён у дыскусіі сказаў, што ў яго сваё разуменне заканадаўства і прама адмовіў. Для мяне гэта значыць толькі адно - выбарчы працэс застаецца «справай для сваіх». Ні пра якую галоснасць і адкрытасць гаворкі быць не можа, нягледзячы на тое, што зала была практычна поўная. На паседжанні прысутнічалі дзясяткі прадстаўнікоў БРСМ, "Чырвонага крыжу", аб'яднання ветэранаў, прадпрыемстваў, чыноўнікаў, аднака усе сядзелі ціха. Ніхто ня задаў ніводнага пытання і ніхто мяне не падтрымаў,- падсумаваў ён.
Падобны малюнак назіраў праваабаронца Аляксей Колчын на паседжанні ў адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва.
- Працягвалася ўсё 35 хвілін, з якіх 20 заняло галасаванне за кожную УВК асобна. Галасавалі спісам, без агалошвання імёнаў і астатняй інфармацыі. Інакш кажучы, проста зацвердзілі раней падрыхтаваныя спісы. Ад апазіцыйных партый у склад УВК не трапіў ніводны чалавек. Пры гэтым у Ленінскую РВК прапанавалася 32 кандыдатаў ад апазіцыі - ад ГА “БНФ «Адраджэньне» - 10; ад АГП – 6, ад партыі левых "Справедливый свет” – 6, ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) – 10 чалавек, - распавёў Аляксей Колчын.
З 1479 дакументаў, якія паступілі, задаволілі 1275. З іх 468 шляхам збору подпісаў, 363 – ад працоўных калектываў, 444 - ад грамадскіх аб'яднанняў, у тым ліку 56 ад ФПБ, 86 ад “Белай Русі”, 81 ад БРСМ, 54 ад “Саюз жанчын”, 30 – ад аб'яднання ветеранаў, і іншых - 135.
- Пры адборы улічваліся досвед працы, асабістыя характарыстыкі, прафесіяналізм. Сярод прычын неўключэння – памылкі афармлення, адсутнасць досведу працы ў камісіях, адсутнасць пастаяннага месца працы, няпоўныя і недаставерныя дадзеныя пададзеных дакументаў. Цікава, што сюды адносіцца і "преклонный возраст". Гэтак было адмоўлена 77-гадоваму Валерыю Беразіенка, прафесару, доктару навук, які мае досвед удзелу ў выбарчых камісіях і вялізарны прафесійны досвед. Па гэтай жа прычыне адмовілі Анатолю Заўялаву з беларускай партылі левых “Справядлівы Свет” і Антону Цыдзіку, прадстаўніку ГА "БНФ "Адраджэньне", - адзначыў праваабаронца.
Адзначым, што ў Кастрычніцкім раёне будзе 66 выбарчых камісій, у Ленінскім - 87.