Бярозаўскім назіральнікам не дазволілі прысутнічаць пры праверцы подпісаў
Двум назіральнікам Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі -- Сяржуку Русецкаму, вылучанаму ад Беларускага Хельсінкскага камітэта, і Тамары Шчапёткінай, вылучанай шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў, не дазволілі прысутнічаць пры праверцы подпісаў, сабраных за прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзідэнта. Адказы з адмовамі яны атрымалі за подпісам намесніка старшыні Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі Аляксандра Крагеля.
Аляксандр Крагель паведаміў, што праверка подпісаў будзе арганізавана ў рабочым парадку, а не на паседжаннях раённай камісіі: “Вы маеце права прысутнічаць на паседжаннях раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта РБ, дзе будуць разглядацца ў тым ліку і пытанні па арганізацыі праверкі сапраўднасці подпісаў у падпісных лістах і вызначэнні парадку адбора падпісных лістоў для праверкі, аб выніках праверкі лістоў і ўстанаўленні колькасці подпісаў выбаршчыкаў па Бярозаўскаму раёну, якія паставілі подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты РБ. Пры разглядзе гэтых пытанняў вы атрымаеце магчымасць пачуць усе праблемныя моманты, узнікшыя пры праверцы сапраўднасці подпісаў”.