Бярозаўскі райвыканкам пра склад участковых камісій раіць чытаць у газеце
“Пра склад участковых камісій прачытаеце ў газеце і на сайце райвыканкама,” -- так адказалі прадстаўніку Беларускага Хельсінкскага камітэта Сяржуку Русецкаму на паседжанні Бярозаўскага райвыканкама на пытанне, ці ўключаны прадстаўнікі дэмакратычных партый. Само паседжанне доўжылася ўсяго 8 хвілін.
Прэтэндэнтка на сяброўства ў камісіі ад Партыі БНФ Таццяна Тарасевіч, якая таксама прысутнічала на паседжанні, адзначыла: “Прагучала, колькі камісій ствараецца, што ёсць падрыхтаванае рашэнне, якое не агучвалася, і што ў камісію ўключаны людзі, якія ведаюць, як працаваць”.
Паводле Сяржука Русецкага, хто ўвайшоў у камісіі пасля паседжання па іх утварэнні так і не стала вядома, але вядома, што ад “Белай Русі” было вылучана 32 чалавекі, ад БРСМ – 42, ад Саюза жанчын – 33, ад Фонда міру – 17, ад Чырвонага крыжа – 12, ад Саюза афіцэраў – 7, ад дзяржаўнага прафсаюза – 54, ад працоўных калектываў – 93 прэтэндэнты і 159 чалавек шляхам збору подпісаў. 7 чалавек вылучалася і ад дэмакратычных партый: 5 ад Партыі БНФ і 2 ад БСДП(Г).