У Крычаве склад участковых выбарчых камісій зацвярджалі спісам
26 жніўня ў Крычаве адбылося пасяджэнне Крычаўскага раённага выканаўчага камітэта, на якім разглядалася пытанне аб стварэнні ўчастковых выбарчых камісій па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Пасяджэнне пачалося ў 10-00 і цягнулася 45 хвілін. На ім прысутнічала восем членаў райвыканкама, быў неабходны кворум для прыняцця рашэнняў. Таксама на пасяджэнне былі запрошаныя старшыня Крычаўскага райсавета, старшыні сельвыканкамаў і прадстаўнікі некаторых службаў райвыканкама.
Вядучы пасяджэння старшыня Крычаўскага райвыканкама Васіль Сысоеў адмыслова адзначыў, што на пасяджэнні прысутнічае таксама і назіральнік ад Беларускага Хельсінскага камітэта Сяргей Няроўны.
Рашэннем Крычаўскага райвыканкама былі створаныя 24 участковыя выбарчыя камісіі, у склад якіх увайшлі ад 7 да 15 чалавек. У склад камісій увайшлі 44 прадстаўнікі, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў грамадзян, 69 прадстаўнікоў працоўных калектываў і 178 вылучэнцаў ад грамадскіх арганізацый. Дэмакратычныя апазіцыйныя арганізацыі сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій у Крычаўскім раёне не вылучалі.
Начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела Крычаўскага райвыканкама Міхаіл Мешкура адзначыў, што ў склад камісій не ўвайшлі 40 чалавек з агульнай колькасці вылучаных.
Старшыня Крычаўскага райвыканкама Васіль Сысоеў нагадаў прысутным, што ў бліжэйшыя дні ўчастковыя камісіі павінны правесці арганізацыйныя сходы і выбраць сваё кіраўніцтва. Таксама ён канстатаваў, што падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў у Крычаўскім раёне праходзіць у штатным рэжыме, для працы выбарчых камсісій створаны нармальныя ўмовы.
Па словах назіральніка ад БХК Сяргея Няроўнага, склад участковых выбарчых камісій члены райвыканкама зацвярджалі спісам, не было ніякага абмеркавання пададзеных кандыдатур. Сяргей Няроўны адзначыў, што абсалютная большасць чальцоў выбарчых камісій раней ужо ўваходзілі ў склад выбарчых камісій падчас папярэдніх кампаній. Таксама назіральнік адзначае, што аснову выбарчых камісій у Крычаўскім раёне традыцыйна склалі жанчыны.