Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Назіральнік: дзейнасці ініцыятыўных груп Гайдукевіча і Улаховіча ў Мазыры не было заўважана, але подпісы за іх здадзеныя

Выбарчая кампанія-2015 пакідае шмат пытанняў. Напрыклад, у Гомелі збіраліся подпісы за Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзьку, Таццяну Караткевіч і Аляксандра Лукашэнку. Штодзень стаялі пікеты пад рознымі сцягамі ў людных месцах – на праспекце Леніна, каля ўнівермага «Гомель», Давыдаўскага рынка, гіпермаркета «Гіпа». А па выніку выявілася, што найбольш (пасля дзеючага прэзідэнта, канечне) подпісаў у Гомельскай вобласці назбіралі ініцыятыўныя групы Мікалая Улаховіча і Сяргея Гайдукевіча, якіх назіральнікі і СМІ не бачылі і не чулі. Так, па афіцыйнай інфармацыі, за Улаховіча ў камісіі паступілі больш за 10 тысяч подпісаў, за Гайдукевіча – больш за 16 тысяч. Больш таго – старшыня Гомельскай абласной выбарчай камісіі Мікалай Стош 25 жніўня выступаў перад мясцовымі журналістамі і сцвярджаў, што ініцыятыўныя групы Лукашэнкі і Улаховіча збіралі подпісы ва ўсіх раёнах вобласці.

У Мазыры, па сведчанні назіральніка Уладзіміра Целяпуна, дзейнасці ініцыятыўных груп Сяргея Гайдукевіча і Мікалая Улаховіча не было заўважана. Але подпісы ў раённую камісію здадзеныя. Гэта высветлілася 25 жніўня на паседжанні Мазырскай раённай выбарачнай камісіі па праверцы подпісаў.

Старшыня камісіі Ігар Баранаў паведаміў, што паступілі подпісы ад ініцыятыўных груп трох прэтэндэнтаў – Лукашэнкі (больш за 22 тысячы подпісаў), Гайдукевіча (1 769 подпісаў) і Улаховіча (348 подпісаў).

За Лукашэнку адабраны для праверкі 5594 подпісы, за Гайдукевіча – 426 подпісаў, за Улаховіча – 86 подпісаў. Подпісы за Гайдукевіча будуць правяраць старшыня раённай выбарчай камісіі Ігар Баранаў і намеснік старшыні камісіі Вераніка Байкова. За Улаховіча – член камісіі Чыгер, начальнік Мазырскага РОЧС. За Лукашэнку – усе астатнія члены камісіі.

На заяву назіральніка Уладзіміра Целяпуна прадставіць магчымасць праглядзець подпісы і даць магчымасць прысутнічаць пры працэдуры праверкі подпісаў выбаршчыкаў Вераніка Байкова адказала, што адказ на заяву дасланы па пошце.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары