Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання: 17-23 жніўня
Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары».
АСНОЎНЫЯ ВЫСНОВЫ
- 21 жніўня скончыўся этап збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты;
- Усяго Цэнтральнай выбарчай камісіяй былі зарэгістраваныя восем ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты А.Г. Лукашэнка, А.В. Лябедзькі, Т.Н. Караткевіч, С.В. Гайдукевіча, У.І. Цярэшчанка, Н.Д. Улаховіча, Ж.Н. Раманоўскай, С.І. Калякіна. Па дадзеных Цэнтральнай камісіі, 5 ініцыятыўных груп здалі неабходную для рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты колькасць подпісаў для іх праверкі ў адпаведныя ТВК (А. Р. Лукашэнка, Т.Н. Караткевіч, С.В. Гайдукевіча, У.І. Цярэшчанка, Н.Д. Улаховіча);
- У цэлым, істотных перашкодаў, якія маглі ўскладніць працу ініцыятыўных груп альбо прывесці да зрыву збору подпісаў грамадзян ініцыятыўнымі групамі па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты ў ходзе маніторынгу дадзенага этапу выбараў, зафіксавана не было;
- Збор подпісаў па вылучэнні ў якасці кандыдата ў прэзідэнты А.Г. Лукашэнка суправаджаўся актыўным выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу: ажыццяўляўся ў працоўны час, на тэрыторыі прадпрыемстваў і ўстаноў, часта пры непасрэдным удзеле адміністрацыі гэтых прадпрыемстваў;
- Асвятленне ходу збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі ў дзяржаўных, у тым ліку мясцовых, СМІ ажыццяўлялася вельмі аднабакова і ў шэрагу выпадкаў насіла характар агітацыі за вылучэнне і абранне прэзідэнтам дзеючага кіраўніка дзяржавы;
- Большасці зарэгістраваных у раённых (раённых у гарадах) выбарчых камісіях назіральнікаў, якія прадстаўляюць кампанію «Праваабаронцы за свабодныя выбары» было адмоўлена ў магчымасці ажыццяўляць назіранне за працэдурай праверкі здадзеных ініцыятыўнымі групамі подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты;
- Абсалютная непразрыстасць працэдуры праверкі подпісаў, сабраных за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты выклікае недавер адносна вынікаў іх праверкі, гэтак жа як і інфармацыі пра сабраныя неабходных за сто тысяч подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння дадзеных кандыдатаў у прэзідэнты ў цэлым;
ПРАВАВОЕ РЭГУЛЯВАННЕ
У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, каардынатары па раёнах, гарадах, раёнах у гарадах здаюць падпісныя лісты не пазней, чым за 50 дзён да выбараў, у раённую, гарадскую, раённую ў горадзе камісію па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая ў дзесяцiдзённы тэрмiн правярае дакладнасць подпiсаў выбаршчыкаў у падпісных лістах. Праверцы падлягае не менш за 20 працэнтаў подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах, здадзеных у адпаведную камісію.
Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (зацверджаны пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 2015/07/01 г. № 17) апошняй датай для прадстаўлення падпісных лістоў у раённыя, гарадскія, раённыя ў гарадах камісіі вызначана 21 жніўня 2015 года
Рэгістрацыя кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь павінна завяршыцца 15 верасня 2015 года.
23 жніўня 2015 г. завяршылася вылучэнне прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій і прадстаўленне ў органы, якія ўтвараюць ўчастковыя камісіі, дакументаў аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад камісій.
ЗБОР ПОДПІСАЎ СЯБРАМІ ІНІЦЫЯТЫЎНЫХ ГРУП ПА ВЫЛУЧЭННІ КАНДЫДАТАМ У ПРЭЗІДЭНТЫ. ЗДАЧА ПОДПІСАЎ
Этап збору подпісаў праходзіў з 23 ліпеня па 21 жніўня. Ініцыятыўныя групы ажыццяўлялі збор подпісаў як шляхам пакватэрнага абыходу грамадзян, так і шляхам правядзення вулічных пікетаў у незабароненых адпаведнымі рашэннямі мясцовых органаў улады месцах.
Рашэнні мясцовых органаў улады аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў, у цэлым не абмежавалі магчымасці ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў у публічных месцах.
Наогул варта адзначыць, што, у ходзе правядзення маніторынгу дадзенага выбарчага этапу, якіх-небудзь істотных перашкод, якія маглі б прывесці да зрыву збору подпісаў ці якога небудзь значнага ўскладнення працы ініцыятыўных груп, зафіксавана не было. У шэрагу выпадкаў ТВК разглядалі звароты членаў ініцыятыўных груп і прымалі своечасовыя меры па аднаўленню парушаных правоў.
У той жа час былі зафіксаваныя выпадкі затрыманняў некаторых сябраў ініцыятыўных груп супрацоўнікамі МУС, а таксама іншае ўмяшальніцтва ў дзейнасць ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў з боку міліцыі. Варта адзначыць, што ні адзін з выпадкаў такога ўмяшання не насіў абгрунтаваны характар.
Характэрным для дадзенага этапу выбарчай кампаніі стала паўсюднае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу пры ажыццяўленні збору подпісаў за вылучэнне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты дзеючага кіраўніка дзяржавы А.Г. Лукашэнка.
Кампанія назірання за выбарамі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ў сваіх штотыднёвых справаздачах неаднаразова звяртала ўвагу на факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў за вылучэнне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты дзеючага кіраўніка дзяржавы.
Назіральнікамі кампаніі было зафіксавана некалькі выпадкаў збору подпісаў асобамі, якія не з'яўляюцца членамі ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты А.Г. Лукашэнка. Дадзеныя асобы самастойна ўносілі ў падпісныя лісты ўстановачныя дадзеныя грамадзян, спасылаючыся на тое, што з'яўляюцца «памочнікамі сябра ініцыятыўнай групы». Варта адзначыць, што п. 8 Пастановы Цэнтральнай камісіі № 18 ад 1 ліпеня 2015, прадаставіў магчымасць унясення звестак аб выбаршчыку, прадугледжаных графамі 1-5 падпіснога ліста (ўстановачныя дадзеныя грамадзяніна) пры наяўнасцi просьбы выбаршчыка і іншым асобам, у тым ліку якія не з'яўляюцца членамі ініцыятыўных груп. Дадзенае палажэнне Пастановы знаходзіцца ў супярэчнасці з арт. 61 Выбарчага кодэкса, які не толькі не прадугледжвае магчымасць запаўнення падпіснога ліста кім-небудзь яшчэ, акрамя члена ініцыятыўнай групы, але і прама паказвае, што ў выпадку, калі подпісы выбаршчыкаў былі сабраныя не сябрам ініцыятыўнай групы, альбо падпiсны лiст не быў завераны членам ініцыятыўнай групы або завераны іншым сябрам ініцыятыўнай групы, якi не збiраў подпісы, усе подпісы ў падпісным лісце прызнаюцца несапраўднымі (п.8 ч. 16. арт. 61 ВК).
Неабходна нагадаць, што падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2010 Цэнтральная камісія таксама прадугледзела магчымасць запаўнення падпісных лістоў не сябрамі ініцыятыўных груп, у тым ліку т.зв. «Памочнікамі сябра ініцыятыўнай групы», наяўнасць і статус якіх не прадугледжаны дзеючым выбарчым заканадаўствам . Такое вольнае тлумачэнне парадку збору подпісаў выбаршчыкаў членамі ініцыятыўнай групы на практыцы стварыла падставы да масавага выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу на карысць вылучэння кандыдатам дзеючага Прэзідэнта.
22 жніўня Цэнтральная камісія распаўсюдзіла інфармацыю аб колькасці сабраных і здадзеных ініцыятыўнымі групамі па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты подпісаў грамадзян. Так, за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты А.Г. Лукашэнку было здадзена 1761145 подпісаў, за Н.Д. Улаховіча 159.805 подпісаў, С.В. Гайдукевіча 140.735 подпісаў, за У.І. Цярэшчанку 130.404 подпісаў, Т.Н. Караткевіч 107 299. Астатнія ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на вылучэнне альбо не сабралі неабходнай колькасці подпісаў альбо адмовіліся ад іх здачы наогул.
Варта адзначыць, што абсалютная непразрыстасць працэдуры праверкі подпісаў, сабраных за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты выклікае недавер адносна вынікаў іх праверкі, а гэтак жа і да інфармацыі пра сабраныя неабходныя сто тысяч подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння дадзеных кандыдатаў у прэзідэнты ў цэлым.
ДЗЕЙНАСЦЬ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЙ
На афіцыйным сайце ЦВК інфармацыі аб скаргах, якія паступілі і выніках іх разгляду ня размешчана. На сайце па-ранейшаму не ў поўнай меры асвятляецца дзейнасць ЦВК.
ЦВК разгледзела скаргу аб парушэнні патрабаванняў Рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб'яднаннем «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў», які размясціў у газеце пастанову праўлення з рашэннем аб падтрымцы дзеючага прэзідэнта і рэкамендаваў сваім работнікам актыўна ўдзельнічаць у падачы подпісаў у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты. ЦВК знайшла пастанову рэкамендацыйнай і не ўгледзела парушэння выбарчага заканадаўства.
Назіральнік у Жодзінскай гарадской выбарчай камісіі адзначыў непразрыстасць дакументазвароту: назіральніку забараняецца сачыць за колькасцю і зместам ўваходных дакументаў.
Камісіі ўхіляюцца ад прынцыповай ацэнкі непрапарцыйнага асвятлення працэсу збору подпісаў рознымі ініцыятыўнымі групамі на карысць ініцыятыўнай групы дзеючага прэзідэнта.
Праца Салігорскай камісіі, па ацэнцы назіральніка, праходзіць у закрытым ад грамадскасці рэжыме. На рабочыя пасяджэння назіральнікаў не запрашалі.
Партызанская раённая ВК у г.Мінску не разгледзела скаргу назіральніка з нагоды збору подпісаў у падтрымку В. Цярэшчанкі непаўналетнімі без пасведчання сябра ініцыятыўнай камісіі.
Ужо зараз вялікая частка тэрытарыяльных камісій адмовіла назіральнікам у праве прысутнічаць пры праверцы падпісных лістоў пасля іх здачы каардынатарамі ініцыятыўных груп.
Пра гэта паведамілі назіральнікі ў Жодзінскай гарадской ВК, Смаргонскай раённай ВК, Баранавіцкай раённай ВК, Маладзечанскай раённай ВК, Глускай раённай ВК, Бярозаўскай раённай ВК, Кастрычніцкай раённай ВК у г. Магілёве, у раённых ВК г. Брэста, г. Гомеля і г. Віцебска.
Назіральнікам абгрунтоўваюць гэта тым, што праверка подпісаў - гэта рабочы працэс, а назіральнікі маюць права прысутнічаць толькі на пасяджэннях ВК.
Пры гэтым назіральнік у Смаргонскай раённай ВК падкрэсліў, што лісты з подпісамі ў падтрымку А.Лукашэнкі (адзіныя здадзеныя на 22.08.) былі адабраны для праверкі да пасяджэння камісіі і ляжалі асобнай кіпай.
Назіральнік у Баранавіцкай раённай ВК адзначыў, што ў дапамогу сябрам камісіі на пасяджэнні для праверкі подпісаў вырашана прыцягнуць чатырох супрацоўнікаў арганізацыйна-кадравага аддзела выканкама.
Назіральніку ў Маладзечанскай раённай ВК далі магчымасць азнаёміцца толькі з тымі падпіснымі лістамі, якія не былі адабраны для праверкі.
Члены Магілёўскай раённай ВК адмовіліся даць назіральнікам інфармацыю аб колькасці сабраных і здадзеных у камісію подпісаў у падтрымку кандыдатаў у Прэзідэнты, а таксама любую інфармацыю па зборы подпісаў ініцыятыўнымі групамі ўсіх прэтэндэнтаў у раёне, па вылучэнні прадстаўнікоў у УВК і шляхі вылучэння.
Таксама не прадастаўляюцца цікавячыя назіральніка дадзеныя членамі Магілёўскай абласной выбарчай камісіі. Назіральнікам пры гэтым сябры камісіі заяўляюць, што ўсе звесткі яны могуць даведацца з прэсы або інфармацыі, размешчанай на сайце.
Як паведаміў назіральнік у Глускай раённай ВК, старшыня ТВК на пасяджэнні заўважыў, што «вельмі цікавыя» лісты здадзены ініцыятыўнай групай Н. Улаховіча. Ён выказаў меркаванне, што ўсё напісана адной рукой, як быццам хтосьці выкарыстаў нейкую базу дадзеных і перапісаў усё ў падпісныя лісты. Пры гэтым старшыня камісіі перадаў назіральнікам тэчкі з падпіснымі лістамі Н. Улаховіча і тэчку з падпіснымі лістамі А. Лукашэнкі для азнаямлення. Усе назіральнікі на працягу 1-2 хвілін змаглі агледзець сабраныя падпісныя лісты, перадаючы тэчкі адзін аднаму.
Чыгуначная раённая ВК у г. Гомелi не паведаміла назіральнікам колькасці здадзеных падпісных лістоў.
У Бярозаўскай раённай ВК быў вызначаны прынцып выбаркі падпісных лістоў: пры першапачатковай праверцы - няцотныя лісты пад пэўнымі нумарамі, а пры неабходнасці дадатковай праверкі - цотныя лісты пад пэўнымі нумарамі.
У некаторых выбарчых камісіях ўжо праводзіцца работа па вызначэнні месцаў для агітацыі за кандыдатаў у прэзідэнты.
СМІ І ЖУРНАЛІСТЫ
Назіральнікі адзначаюць невысокую актыўнасць у сукупнасці з заангажаванасці дзяржаўных, асабліва - рэгіянальных СМІ па асвятленні выбараў. Невялікая колькасць матэрыялаў у іх асвятляюць альбо агульныя пытанні правядзення выбараў, альбо дзейнасць ініцыятыўнай групы дзеючага кіраўніка дзяржавы, альбо падкрэслена станоўчае асвятленне дзейнасці дзеючага кіраўніка дзяржавы на сваёй пасадзе.
Не спыніліся рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных журналістаў. Яшчэ два журналісты былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ. Раней пададзеныя скаргі на пастановы судоў па адміністрацыйных справах незалежных журналістаў засталіся без задавальнення. Гэта сведчыць аб працягу практыкі абмежавання свабоды слова ў Беларусі.