Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Бабруйск: ТВК Першамайскага раёну агучыла фантастычную колькасць подпісаў за Улаховіча

Па дадзеных, агучаных старшынём выбарчай камісіі Першамайскага раёна Бабруйска Віктарам Гарбанёвым, найбольшую колькасць подпісаў прадаставіла ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі. Гэта не здзіўляе, бо ў зборы подпісаў за яго шырока выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс. У розных працоўных калектывах задаваўся свой план на колькасць сабраных подпісаў, які вагаўся ад 150 да 300 аўтографаў з чалавека. У ініцыятыўную групу Лукашэнкі былі задзейнічаны медыкі, настаўнікі, працоўныя заводаў. Агучаная Гарбанёвым лічба – 26 183 подпісы.

Фантастычна выглядае колькасць подпісаў, сабраных за Мікалая Улаховіча – 11 229. Сябры яго ініцыятыўнай групы позна пачалі станавіцца ў пікеты, казалі, што дагэтуль збіралі подпісы "у вузкім коле, пакватэрна". Але зборшчыкі подпісаў за іншых прэтэндэнтаў і незалежныя назіральнікі ў адзін голас кажуць, што нідзе і ніколі не бачылі сляды дзейнасці "ўлахоўцаў". Акрамя пары пікетаў ля цэнтральнага рынку.

-Для таго, каб сабраць 11 229 подпісаў толькі ў адным Першамайскім раёне, трэба зазірнуць ледзь не ў кожную кватэру, - кажа бабруйская актывістка Галіна Смірнова, якая мае вялікі вопыт працы ў выбарчых кампаніях. - На мінулых прэзідэнцкіх выбарах мы прыходзілі ў кватэры, і там нам часта казалі "да нас ужо прыходзілі збіраць за іншых кандыдатаў". Зараз такога практычна не здаралася, а калі і здаралася, прозвішча Улаховіча не гучала ні разу. Не расказвалі нам пра яго і ў пікетах, а людзі любяць падыйсці, расказаць, за каго ўжо падпісаліся, хто да іх прыходзіў. Таму агучаныя за Улаховіча лічбы гучаць проста нерэальна!

Трэцюю пазіцыю па версіі ТВК Першамайскага раёну займае Сяргей Гайдукевіч - яго прысутнасць у выбарчым полі Бабруйску таксама можа выклікаць шмат пытанняў, але лічбы не настолькі завоблачныя – 3 936. На чацвёртым месцы Таццяна Караткевіч з 2 734 подпісамі і завяршае спіс Віктар Цярэшчанка - 1 096 подпіс. Іншыя ініцыятыўныя групы подпісы ў камісію не прыносілі.

ТВК Ленінскага раёну абяцае агучыць лічбы ў панядзелак, 24 жніўня.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары