Сяргей Калякін выбыў з прэзідэнцкай гонкі
Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Сяргей Калякін не будзе здаваць сабраныя подпісы ў выбарчыя камісіі і стане агітаваць грамадзян галасаваць супраць усіх.
Сяргей Калякін выказаў упэўненасць, што ні адзін з прэтэндэнтаў рэальна не сабраў партабуемай колькасці подпісаў, акрамя Лукашэнкі, а многія і не збіралі іх увогуле. Улаховіч, Цярэшчанка і Гайдукевіч, на яго погляд, гэта спарынг-партнёры, вылучаныя уладай, а рэгістрацыю Таццяны Караткевіч лідэр камуністаў, па яго словах, будзе расцэньваць як здзелку з уладай і сумленнем.
– Наша партыя сабрала толькі 64 247 подпісаў, якіх, згодна з Выбарчым кодэксам, не хапае для вылучэнння лідэра “Справядлівага свету” на пост кіраўніка краіны. Таму мы вырашылі ўвогуле не падаваць дакументы, каб іх правяралі ў камісіі, бо людзі, аддаўшыя за нас голас, магчыма, могуць пацярпець за такі свой учынак, – адзначыў Валер Ухналёў, намеснік старшыні партыі і кіраўнік ініцыятыўнай групы Калякіна.
Сяргей Калякін падзякаваў усім 2 144 валанцёрам, якія ў свой вольны час без аплаты займаліся зборам подпісаў, і дадаў, што кампанія вялася за сродкі грамадзян, больш за сотню якіх зрабілі ўнёскі памерам ад тысячы да 1,5 мільёна:
– Сёлетнія выбары адлюстроўваюць стан беларускага грамадства. Людзі хочуць перамен да лепшага і не вераць, што існуючая ўлада можа вырашыць праблемы а часам і сама стварае іх. Да таго ж большасць не верыць, што іх удзел у выбарах на нешта паўплывае. Людзі баяцца. Мне прыходзілася чуць словы: “Мы за вас прагаласуем, але подпіс… выбачайце”. У грамадстве абыякавасць і безуважнасць, людзі не хочуць увогуле ні за кога галасаваць. Людзі, аддаўшыя голас за мяне і за іншых дэмакратычных кандыдатаў, мелі мужнасць зрабіць гэта.
Старшыня партыі левых дадаў, што людзі не разумеюць, што выбары з’яўляюцца сродкам паляпшэння іх жыцця.
– Гэта небяспечна, бо на фоне пагаршэння эканамічнага становішча можа прывесці да сур’ёзных сацыяльных узрушанняў. Трэба працаваць над стварэннем умоў для сумленных выбараў і мірнай змены ўлады, інакш альтэрнатывай гэтаму можа стаць грамадзянская вайна або сацыяльны бунт.
Сяргей Калякін плануе працягваць назіраць за ходам кампаніі і адсочваць, наколькі празрыстым будзе падлік галасоў.