Гродзеншчына: дэмакратычныя партыі вылучылі ва ўчастковыя камісіі 54 чалавекі
У Гродзенскай вобласці дэмакратычныя партыі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, вылучылі прэтэндэнтамі ў склад участковых камісій 54 чалавекі.
Паводле слоў старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандры Васілевіч, іх структура вылучыла 25 сваіх прадстаўнікоў у камісіі, 10 з іх вылучана ў Гродне (6 – па Ленінскім, 4 – па Кастрычніцкім раёне), астатнія вылучаны ў Астравецкім, Ашмянскім і Іўеўскім раёнах.
Як паведаміў старшыня абласной філіі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, іх арганізацыя вылучыла ва ўчастковыя камісіі па Гродне 7 чалавек (3 – па Ленінскім, 4 – па Кастрычніцкім раёне). Яшчэ 6 чалавек вылучыла структура Партыі БНФ Слонімскага раёну.
Старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Павел Станеўскі даў інфармацыю, што па Гродне іх партыя вылучыла ва ўчастковыя камісіі 3 чалавекі (усе па Кастрычніцкім раёне), 8 чалавек – у Лідзе і 5 чалавек – у Слоніме.