Збор подпісаў у Віцебску завяршаецца "ланцугом пікетаў" (фота)
20 жніўня ўздоўж вуліцы Леніна паўстаў цэлы шэраг пікетаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Завяршаючы збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары, да гараджан выйшлі ініцыятыўныя групы падтрымкі Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі.
Таццяна Караткевіч прыехала ў Віцебск асабіста. Яна ўдзельнічала ў зборы подпісаў каля Смаленскага рынка, размаўляла з прадпрымальнікамі, а потым ўзяла ўдзел у пікетах каля Ратушы на вуліцы Леніна. Тут жа яна сустрэлася з найбольш актыўнымі збіральнікамі пдпісаў і падзякавала ім – уручыла адмысловыя карткі "прыхільніка кампаніі "Гавары праўду" і цукеркі.
"Збіраць подпісы сёлета было няпроста. Прыкладам, 19 жніўня я была ў Полацку, і мы з камандай вырашылі збіраць подпісы на прадпрыемстве "Полацк-Шкловалакно". Убачыўшы нас недалёка ад прахадной, адміністрацыя затрымала змену, а потым неяк "праінструктавала" работнікаў, што яны абыходзілі нас за дзесятак метраў", - распавяла Таццяна Караткевіч.
Прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта гаворыць, што неабходная колькасць подпісаў за яе вылучэнне ўжо сабрана. Тым не менш, яна працягвае сустракацца з выбаршчыкамі - за некалькі апошніх дзён аб'ехала буйнейшыя населеныя пункты Віцебшчыны і наведала абласны цэнтр.
Пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне Таццяны Караткевіч працавалі 20 жніўня да самага вечара. Пасля абеду каля гандлёвага цэнтру "Марка-сіці" з’явіліся і прыхільнікі вылучэння Анатоля Лябедзькі. Гэты адрэзак вуліцы Леніна адразу стаў заўважны, дзякуючы бел-чырвона-белым сцягам, якіх развівалася тут не менш за дзясятак.
Аднадумцы Анатоля Лябедзькі выйшлі на пікет у майках з праграмным лозунгам лідара АГП "Мільён новых працоўных месцаў".
"Наша галоўная задача – сустракацца з людзьмі, тлумачыць ім, што ў гэты складаны час яны не засталіся сам-насам са сваімі праблемамі. Што ў Беларусі ёсць партыі, якія разумеюць цяжкасці краіны і гатовыя выпраўляць сітуацыю", - кажа кіраўніца ініцыятыўнай групы Ірына Яскевіч, актывістка партыі АГП.