Мінскі гарадскі суд хоча ацаніць “хуліганскія” дзеянні Паўла Канавальчыка і Юрыя Шульгана па відэа
Учора ў Мінскім гарадскім судзе была разгледжана касацыйная скарга на пастанову суда Маскоўскага раёна ў дачыненні да Паўла Канавальчыка, які разам з Юрыем Шульганом быў затрыманы 17 ліпеня каля будынку Цэнтральнай выбарчай камісіі.
У гісторыі затрымання было шмат няўвязак, але суддзя Таццяна Матыль 20 ліпеня асудзіла Паўла Канавальчыка да штрафу ў 20 базавых велічынь. Менавіта на гэтае рашэнне суду Маскоўскага раёна і падаў касацыйную скаргу асуджаны.
У сваю чаргу, 18 жніўня суддзя Валерый Камісараў пры разглядзе скаргі задаволіў хадайніцтва аб запатрабаванні і даследаванні відэа з відэакамеры, якая знаходзіцца ў фае Маскоўскага РУУС г. Мінска. Па меркаванні П. Канавальчыка на відэа бачна, што ні ён, ні Юры Шульган у будынку РУУС не здзяйснялі правапарушэння па арт. 17.1 КаАП – “Дробнае хуліганства”, як гэта было адзначана ў складзеным супрацоўнікамі РУУС пратаколе. Таксама, суд зробіць запыт і ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў наконт асведкавання затрыманых на наяўнасць алкаголю ў крыві ў момант паступлення. Бо паказанні дазіметраў ў РУУС пры затрыманні і ў ЦІП пры паступленні адрозніваецца ў 6 разоў.
У судзе быў абвешчаны перапынак. Будзе прызначана паўторнае слуханне.
Вынікі судовага разбіральніцтва па скарзе Юрыя Шульгана стануць вядомыя бліжэйшым часам.
Нагадаем, Юры Шульган разам з кіраўніком свайго выбарчага штабу Паўлам Канавальчыкам прынеслі 17 ліпеня ў Цэнтрвыбаркам спісы сваёй ініцыятыўнай групы на рэгістрацыю. Але іх не прапусцілі нават на тэрыторыю Дома ўраду – супрацоўнік аховы заявіў, што яны знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, і выклікаў міліцыю. Супрацоўнікі Маскоўскага РУУС затрымалі Ю. Шульгана і П. Канавальчыка па арт. 17.3 КаАП “Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення”, а пасля ў будынку РУУС абвінавацілі ў лаянцы і склалі пратаколы па арт. 17.1 КаАП “Дробнае хуліганства”.