Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Забарону на ўдзел у выбарах зняволеных праваабаронцы лічаць неабгрунтаванай

Юрыст Павел Сапелка ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары» раскрывае пытанне аб неабгрунтаваным абмежаванні права ўдзельнічаць у выбарах асуджаных і зняволеных следчых ізалятараў.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, у выбарах не ўдзельнiчаюць асобы, якiя ўтрымлiваюцца па прысудах суда ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні не прымаюць удзел асобы, у адносiнах да якiх у парадку, устаноўленым крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, выбраная мера стрымання - утрыманне пад вартай. Пазбаўленне канстытуцыйнага права ўсіх асуджаных да пазбаўлення волі, а тым больш падазраваных і абвінавачаных, прадстаўляецца ў дачыненні да асуджаных неабгрунтаваным, а ў дачыненні да тых, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай да вынясення прысуду - яшчэ і незаконным.

Асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай у чаканні прысуду з'яўляюцца па вызначэнні паўнапраўнымі грамадзянамі, абмежаванымі толькі ў асабістай свабодзе. Падследныя зняволеныя ў сілу прэзумпцыі невінаватасці лічацца невінаватымі, і з імі, у адпаведнасці з нацыянальнымі законамі і міжнароднымі дамовамі, варта звяртацца адпаведна.

У прыватнасці, Прынцып 36 Збору прынцыпаў абароны ўсіх асоб, якія падвяргаюцца затрыманню або заключэнню ў якой бы там ні было форме (Прыняты рэзалюцыяй 43/173 Генеральнай Асамблеі ААН ад 9 снежня 1988 году), абвяшчае:

"затрыманая асоба, якая падазраецца, або абвінавачаная ў здзяйсненні крымінальнага злачынства, лічыцца невінаватай і мае права на зварот з ім як з такім да таго часу, пакуль яго вінаватасць не будзе даказаная згодна з законам у ходзе адкрытага судовага разбіральництва, на якім бы яна валодала ўсімі гарантыямі, неабходнымі для сваёй абароны. Арышт або затрыманне такой асобы на перыяд правядзення следства і судовага разбору ажыццяўляецца толькі ў мэтах адпраўлення правасуддзя на падставах і ў адпаведнасці з умовамі і працэдурамі, усталяванымі законам. Забараняецца ўвядзенне абмежаванняў у дачыненні да такой асобы, у якіх няма непасрэднай неабходнасці з пункту гледжання мэтаў затрымання або ліквідацыі перашкод для ходу расследавання або адпраўлення правасуддзя, або падтрымання бяспекі і парадку ў месцы затрымання".

Складаней выглядае справа з правам удзелу ў выбарах асуджаных зняволеных, аднак і па гэтым пытанні ўжо ёсць цалкам пэўная пазіцыя:

Кіруючымі прынцыпамі адносна выбараў (прынятыя Венецыянскай камісіяй на 51-й пленарнай сесіі, Венецыя, 5-6 ліпеня 2002 г.) улічана, што могуць быць прадугледжаны падставы для прыпынення дзеяння палітычных правоў. Разам з тым такія падставы павінны адпавядаць звычайным умовам, пры якіх можа здзяйсняцца абмежаванне асновапалагаючых правоў. Іншымі словамі, яны павінны:

  • быць прадугледжаныя ў законе;
  • адпавядаць прынцыпу прапарцыянальнасці;
  • грунтавацца на вынясенні крымінальнага прысуду за сур'ёзнае правапарушэнне.

Умовы пазбаўлення фізічных асоб права быць абранымі могуць быць менш жорсткімі, чым ўмовы іх пазбаўлення права абіраць, паколькі ў дадзеным выпадку гаворка ідзе аб заняцці грамадскай пасады, і рашэнне пазбавіць тую ці іншую асобу, дзеянні якой на гэтай пасадзе маглі б прывесці да парушэння больш важкіх грамадскіх інтарэсаў, права быць абраным на гэтыя пасады, магло б стацца цалкам законным.

Самае важнае з таго, што ўстаноўлена па разглядаемым пытанні Кіруючымі прынцыпамі, заключаецца ў тым, што пазбаўленне той ці іншай асобы палітычных правоў дапускаецца толькі па прамым рашэнні суда. Так, напрыклад, гэта ёсць у заканадаўстве Польшчы: Закон ад 12 красавіка 2001 года "Аб выбарах у Сейм Польскай Рэспублікі і ў Сенат Польскай Рэспублікі» устанаўлівае, што актыўным выбарчым правам, гэта значыць правам галасаваць на выбарах, валодае кожны грамадзянін Польшчы, які да дня галасавання дасягнуў 18-гадовага ўзросту, акрамя асоб, якія: пазбаўленыя грамадзянскіх правоў па канчатковым рашэнні суда; пазбаўленыя выбарчых правоў па канчатковым рашэнні Вярхоўнага Суда; прызнаныя неправадзейнымі па канчатковым рашэнні суда.

Між тым, чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. (Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь). Так, артыкул 2 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах устанаўлівае, што «кожная Дзяржава, якая ўдзельнічае ў гэтым Пакце абавязваецца паважаць і забяспечваць усім асобам, якія знаходзяцца ў межах яе тэрыторыі і пад яе юрысдыкцыяй правы, якiя прызнаюцца ў гэтым Пакце, без якога б там ні было адрознення , як-то ў адносінах расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных і іншых перакананняў, нацыянальнага або сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння ці іншых абставін». У адпаведнасці з артыкулам 25 Пакта, «кожны грамадзянін павінен мець без якой бы там ні было дыскрымінацыі, памянёнай ў артыкуле 2, і без неабгрунтаваных абмежаванняў права і магчымасць: галасаваць і быць абраным на сапраўдных перыядычных выбарах, якія здзяйсняюцца на аснове ўсеагульнага роўнага выбарчага права пры таемным галасаванні і якія забяспечваюць свабоднае волевыяўленне выбаршчыкаў".

Камітэт па правах чалавека ААН у заўвагах агульнага парадку № 21 (1992) «Артыкул 10» паказаў, што «асобы, пазбаўленыя свабоды, карыстаюцца ўсімі правамі, што абвешчаны ў Пакце, з улікам абмежаванняў, непазбежных для жыцця ў няволі».

Для разумення неабгрунтаванасці абмежавання выбарчага права асуджаных важныя палажэнні Мінімальных стандартных правілаў абыходжання з зняволенымі ААН. У папярэдніх заўвагах пазначана, што гэтыя Правілы прызначаныя для таго, каб на аснове агульнапрызнаных дасягненняў сучаснай думкі і з улікам асноўных элементаў найбольш задавальняючых ў цяперашні час сістэм выкласці тое, што звычайна лічыцца правільным з прынцыповай і практычнай пунктаў гледжання ў галіне абыходжання са зняволенымі. У Правілах паказваецца на тое, што заключэнне і іншыя меры,  што ізалююць правапарушальніка ад навакольнага свету, прычыняюць яму пакуты ўжо ў сілу таго, што яны забіраюць у яго права на самавызначэнне, паколькі яны пазбаўляюць яго свабоды. Таму, за выключэннем выпадкаў, калі сегрэгацыя ўяўляецца апраўданай, або калі гэта неабходна па меркаваннях дысцыпліны, турэмная сістэма не павінна пагаршаць пакуты, якія вынікаюць з гэтага становішча. У звароце са зняволенымі варта падкрэсліваць не іх выключэнне з грамадства, а тую акалічнасць, што яны працягваюць заставацца яго членамі. Варта прымаць меры для таго, каб зняволеныя маглі захоўваць за сабой максімум сумяшчальных з законам і ўмовамі іх прысуду правоў у вобласці іх грамадзянскіх інтарэсаў.

У выніковай справаздачы Місіі па назіранні за выбарамі БДІПЧ / АБСЕ (па выніках парламенцкіх выбараў у Беларусі 2012 года) адзначана, што адмова ў прадастаўленні права галасаваць грамадзянам, якія знаходзяцца ў папярэднім зняволенні, супярэчыць прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці, замацаванаму ў параграфе 5, 19 Капенгагенскага Дакумента АБСЕ 1990 года, а таксама ў артыкуле 26 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Пазбаўленне выбарчых правоў усіх грамадзян, якія адбываюць турэмнае пакаранне, паказвае на адсутнасць прапарцыйнасці і таксама супярэчыць прынцыпам 7.3 і 24 Капенгагенскага Дакумента АБСЕ 1990 года і іншым міжнародным стандартам. У прыярытэтныя ўключана рэкамендацыя аб тым, што «адмова ў праве галасаваць або выступаць кандыдатам грамадзянам, якія знаходзяцца ў турэмным зняволенні або дасудовым утрыманні пад вартай, у незалежнасці ад цяжару злачынства, варта выключыць з заканадаўства. Любыя абмежаванні правоў выбаршчыка і кандыдата павінны быць прапарцыйныя і выразна апісаны ў заканадаўстве».

З улікам усяго выкладзенага, неабходна неадкладна выключыць з Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Выбарчага кодэкса палажэнні, якія абмяжоўваюць выбарчае права асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай да вынясення прысуду, а таксама прадпрымаць крокі па выключэнню неабгрунтаванай дыскрымінацыі тых, хто адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі па прысуду суда. Магчыма абмежаванне выбарчых правоў толькі за цяжкія злачынствы супраць дзяржавы, якое неабходна прадугледзець у якасці асобнага ў крымінальным заканадаўстве.

Працэдура прыняцця такога рашэння не ўяўляе вялікай складанасці для беларускага парламента: закон аб унясенні змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь можа быць прыняты пасля двух абмеркаванняў і адабрэнняў Нацыянальным сходам з прамежкам не менш за тры месяцы большасцю не менш 2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат Нацыянальнага сходу. Пасля ўнясення змяненняў у Канстытуцыю нішто не перашкаджае ўнесці адпаведныя змены і ў Выбарчы кодэкс.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары