Віктар Цярэшчанка асабіста правярае лісты з подпісамі
Прэтэндэнт у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка асабіста прымае ўдзел у падліку і праверцы сабраных подпісаў у сваю карысць, асноўную масу якіх плануецца здаць у ЦВК у чацвер. Пры гэтым пікеты каманды Цярэшчанкі па зборы подпісаў працягнуцца да апошняга дня – 21 жніўня.
Прэтэндэнт на прэзідэнцкае крэсла паведаміў, што з абсалютна ўсіх падпісных лістоў зробленыя ксеракопіі, а справа па праверцы іх на памылкі, недахопы ці звычайную неахайнасць пры запаўненні патрабуе шмат часу і руплівасці.
– Я не хачу, каб з-за нейкай памаркі подпіс не прынялі. І так каля 15% усё роўна апынецца бракам, таму мы разам з кіраўнікамі і каардынатарамі ініцыятыўнай групы па Беларусі праглядаем кожную паперу, а іх проста скрыні, – зазначыў Віктар Цярэшчанка. – Ужо зараз бачна, што шмат ёсць і памылак, і адкрытых падстаў... Напрыклад, у Гомельскай вобласці ёсць і вуліца, і праспект і, здаецца, завулак Кастрычніка. А калі ў адрасе не ўказваецца, з якога менавіта Кастрычніка падпісант, то яго голас адразу могуць забракаваць. А я не хачу паўтарэння гісторыі, калі ў мяне прызналі несапраўднымі столькі подпісаў, што іх не хапіла да патрэбнай колькасці для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты.
На гэты раз мы разлічваем прыкладна на 125 000 подпісаў, каб быў запас на магчымыя знятыя подпісы. Тое, што збяром у пятніцу, мы проста данясем дадаткова.
Эканаміст узгадаў, што яшчэ да пачатку перадвыбарчай гонкі прапанаваў усім кандыдатам аб’яднаць намаганні і стварыць адзіную ініцыятыўную групу, каб не працаваць асобнымі суполкамі па 100-200 чалавек, а збіраць подпісы адразу разам – тады б у кожнага кандыдата была армія з 4000 чалавек.
– Я прапаноўваў, але кожны вырашыў працаваць самастойна. Хай так, але ж галоўнае, каб мы сёлета не сыгралі яшчэ раз у КВЗ, бо можам страціць не толькі суверэнітэт, але і ўсю Беларусь. Калі не скучкуемся, звалімся ў глыбокую стагнацыю, – дадаў Віктар Цярэшчанка.