Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Магія выбараў: на «Трансмашы» людзі падпісваліся за Лукашэнку нават без пашпартоў

Аляксей Паўлоўскі, актывіст незалежнага прафсаюза РЭП
Аляксей Паўлоўскі, актывіст незалежнага прафсаюза РЭП

Гэта высветлілася падчас збору подпісаў у інтэрнаце завода па вуліцы Крупскай, дзе актывіст Аляксей Паўлоўскі збіраў подпісы за Таццяну Караткевіч пры карэспандэнце «Магілёўскай вясны».

У інтэрнат зборшчык подпісаў і журналіст патрапілі без праблем - вахцёр толькі запісаў дадзеныя. Але ў большасць пакояў Аляксей Паўлоўскі патрапіць не змог - гаспадары ці то не хацелі адчыняць, ці то іх не было на месцах.

Першай адкрыла дзверы жанчына сярэдніх гадоў. Спачатку яна адмаўлялася падпісвацца за Караткевіч, матываваўшы гэта тым, што ўжо падпісалася за кандыдата.

- За нашага дзеючага Прэзідэнта.

- Гэта Ваша пазіцыя? - Не, проста прыйшлі і папрасілі паставіць дату і подпіс у бланку.

- З пашпартам папрасілі загадзя прыйсці? - пацікавіўся Паўлоўскі.

- Не, можа дадзеныя ў аддзеле кадраў ўзялі.

Інфармацыю пра гэта пацвердзілі практычна ўсе жыхары інтэрната, якія працуюць на заводзе. Шмат каму прапанавалі паставіць толькі дату і подпіс. Ніхто не адмаўляўся, паколькі не захацелі магчымых праблем.

Многія з тых, хто адчыняў дзверы, рэагавалі на збор подпісаў неспакойна. Малады хлопец 26-28 гадоў на прапанову падпісацца рэзка адказаў, што ні адзін з кандыдатаў не варты пасады прэзідэнта і што асабіста ён галасаваць не будзе. На пытанне, ці ставіў ён на заводзе подпіс у падтрымку Аляксандра Рыгоравіча, ён адказаў, што ўжо тры месяцы не з'яўляўся на вытворчасці. Ці звязана гэта з фінансавымі праблемамі, ён удакладніць адмовіўся.

Тыя ж, хто падпісваўся, у змену прэзідэнта не надта вераць.

Усяго ўдалося сабраць 52 подпісы за дзве гадзіны. Аляксей Паўлоўскі наракаў на тое, што ў многія пакоі трапіць так і не ўдалося. Сітуацыю з тым, што за Аляксандра Лукашэнку подпісы збіраюць проста на вытворчасці, актывіст патлумачыў так:

- На жаль, гэта звычайная практыка. Я шмат дзе паспеў пазбіраць подпісы, і людзі, якія працавалі на заводах - на «Зеніце», «Ліфтмашы», «Хімвалакно» - скардзіліся, што іх прымушаюць падпісвацца за Лукашэнку. А калі не падпішуцца, то пагражалі непрацягненнем кантракту, пазбаўленнем прэміі або высяленнем з інтэрната.
На «Зеніце» дык увогуле запатрабавалі ад работнікаў не ставіць подпісы за іншых кандыдатаў, акрамя Лукашэнкі. Безумоўна, гэта парушэнне Канстытуцыі і Выбарчага кодэкса і з гэтымі парушэннямі трэба змагацца, - заявіў Паўлоўскі.

"Магілёўская Вясна".


Каментары