Самы шматлюдны пікет у Оршы – з удзелам Таццяны Караткевіч (фота)
На сустрэчу з актывісткай кампаніі “Гавары праўду” завітала нават мясцовая тэлекампанія “Скіф”. Праўда, такая ўвага тэлевізіеншчыкаў толькі насцярожыла ахвотных падпісацца за вылучэнне патэнцыйнай кандыдаткі на прэзідэнцкія выбары.
Пікет у Оршы прайшоў 17 жніўня – ужо пасля таго, як ініцыятыўная група Таццяны Караткевіч абвясціла, што неабходныя 100 тысяч подпісаў ужо сабраныя.
“Мы збярэм яшчэ тысяч 20, - гаворыць спадарыня Таццяна.- А галоўнае – мы будзем працягваць сустрэчы ў рэгіёнах, пакуль не скончыцца час, адведзены на збор подпісаў. На такіх сустрэчах людзі ўздымаюць важныя для іх праблемы, і я мяркую абапірацца на гэта, складаючы сваю праграму”.
Аршанцы насамрэч актыўна ўступалі ў гаворкі з Таццянай Караткевіч, а таксама са зборшчыцамі подпісаў – спадарыні дзеля такой нагоды нават апранулі строі ў нацыянальным стылі, і мінакі падыходзілі да пікетоўцаў, каб усе разгледзець. Пікет быў аздоблены двума бел-чырвона-белымі сцягамі – а іх у Оршы ўвогуле не бачылі даўно, бо мясцовыя ўлады за апошнія 5 гадоў не дазволілі нівднай масавай акцыі паводле заявак аршанскіх апазіцыйных актывістаў.
Аднак актыўнасць гараджан відавочна спала, як толькі каля пікета з’явіліся прадстаўнікі тэлекампаніі “Скіф”. Нехта з мінакоў пабаяўся трапіць “у кадр” разам з апазіцыянерамі, а некаторыя дык і ўвогуле выказалі меркаванне, што мэты здымачнай групы – незразумелыя. Маўляў, “Скіф” і раней здымаў палітычныя імпрэзы – прыкладам, апладысменты падчас “маўклівых рэвалюцый”, аднак у тэлеэфір гэтыя запісы так і не выйшлі…
Тым не менш, здымачная група ўзяла інтэрв’ю і ў самой Таццяны Караткевіч, і ў яе прыхільнікаў. Усе гэта адбывалася і пад незаўважным міліцэйскім наглядам: на другім баку плошчы, на якой праходзіў пікет, за помнікам Леніну, была прыпаркавана “цывільная” машына, а ў ёй – супрацоўнікі міліцыі ў форме.
Зрэшты, пікет прайшоў спакойона. У спрэчкі, але ў тактоўнай форме, кідаўся толькі адзін наведнік – хлопец у майцы са сцягам расійскай імперыі і надпісам “С нами Бог». Ён спытаў у спадарыні Караткевіч, ці мае яна намер далучыць Беларусь да Расіі. Пачуўшы адмоўны адказ, пачаў гаворку на іншую тэму: пра тое, што бел-чырвона-белы сцяг – несапраўдны сімвал, і што ВКЛ было не беларускай, а літоўскай дзяржавай. Аднак да выразнага канфлікту спрэчкі не прывялі. Аршанцам было цікава не спрачацца з “гісторыкам”, як назваў сябе хлопец, а паглядзець на “жывога палітыка” – бо яны прыязжаюць у Оршу не так часта.