Бабруйск: прыхільнікі Улаховіча завабліваюць выбаршчыкаў песнямі (фота)
З 14 жніўня ў Бабруйску з’явіліся пікеты і сяброў ініцыятыўнай групы Мікалая Улаховіча. Яны абралі месца каля ўваходу на цэнтральны рынак, побач са скульптурай Бабра. У выходныя тут таксама можна было ўбачыць два пікеты ў падтрымку Таццяны Караткевіч і адзін за Анатоля Лябедзьку.
"Улахоўцы" абралі канцэртны варыянт пікетавання: яны спявалі песні ў касцюмах "данскіх казакоў". Для таго, каб пачулі іх здалёк, зборшчыкі подпісаў падлучылі мікрафоны да калонак, гук быў вельмі моцны. Гэта выклікала незадаволенасць гандляроў са школьнага базару, які размесціўся побач. Адна з "казачак" нават эмацыйна паскандаліла з прадавачкай з суседняга намёту, якая настойвала, каб прыбралі гук. Прыхільнікі Мікалая Улаховіча даводзілі жанчыне, што дзейнічаюць у межах закону і наогул падтрымліваюць палітыку Лукашэнкі.
Сябры ініцыятыўнай групы кажуць, што дагэтуль збіралі подпісы па кватэрах. Мікалая Улаховіча мала хто ведае, таму зараз яны збіраюцца актыўна піярыць свайго прэтэндэнта. Як паведамляе газета "Бабруйскае жыццё", у планах "улахоўцаў" выступы з казачым ансамблем "Вольніца" на гарадскіх прадпрыемствах і нават аэрадроме.