У Брэсцкай вобласці сёлета на прэзідэнцкіх выбарах будзе 36 закрытых участкаў для галасавання
Толькі адзін з іх знаходзіцца на тэрыторыі вайсковай часткі ў Брэсце, астатнія тычацца медычных стацыянараў, санаторыяў і іншых курортных устаноў.
Увогуле ў Брэсцкай вобласці створана 939 участкаў для галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі, і ў параўнанні з папярэднімі выбарамі ў 2010 годзе іх будзе на 47 участкаў менш. Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы аблвыканкама Сяргея Цімашука, скарачэнне адбылося за кошт скасавання ўчасткаў для галасавання непасрэдна ў вайсковых частках.
Сёлета найбольшая колькасць выбарчых участкаў з’явіцца ў Маскоўскім раёне Брэста (87) і Столінскім раёне (73). Зусім няшмат іх будзе ў Жабінкаўскім (19) і Маларыцкім (20) раёнах.
Звяртае на сябе ўвагу і тая акалічнасць, што сёлета дзеля таго, каб прагаласаваць, жыхары некаторых мікрараёнаў мусяць прыйсці ў гандлёвыя цэнтры: менавіта там будуць размешчаны выбарчыя ўчасткі.