У Слуцку выбарчая кампанія праходзіць надзвычай пасіўна
Слуцкія прадстаўнікі Беларускага Хельсінкскага Камітэту кажуць пра надзвычай малую актыўнасць патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта і іх ініцыятыўных груп. Не праяўляюць вялікай цікавасці да выбараў і мясцовыя СМІ ды, адпаведна, самі грамадзяне.
Па словах сябра БХК Віталя Амяльковіча, ад пачатку кампаніі па зборы подпісаў у Слуцку былі зафіксаваныя ўсяго некалькі пікетаў за Аляксандра Лукашэнку і адзін пікет за Анатоля Лябедзьку. Інфармацыя аб якім-небудзь сур’ёзным зборы подпісаў па кватэрах да мясцовых праваабаронцаў таксама не даходзіла.
Арганізатар адзінага апазіцыйнага пікету ў Слуцку Віктар Малочка адзначае неверагодную апатыю мясцовых выбарцаў:
- Я ездзіў у Слуцк з суседняга Салігорску, дзе збіраю подпісы практычна штодня. У нашай шахцёрскай сталіцы людзі часта падыходзяць, хоць неяк цікавяцца, бяруць візітоўкі ды і падпісваюцца актыўней. У Слуцку ж ідуць, заглядаюць на пікет, але чамусці не спыняюцца, - кажа сябра ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі. - Да таго ж неяк шмат агрэсіі было ў людзей. Двойчы там у мяне спрабавалі сараваць бел-чырвона-белы сцяг. У Салігорску за ўвесь час такога не было. Наадварот, прасілі такія сцяжкі ці налепкі з Пагоняй. А Случчына гэта ж знакаміты збройны чын, гэта ж радзіма палітвязня Міколы Статкевіча.
Прадстаўнік БХК Віталь Амяльковіч у нейкай ступені апраўдвае апатыю жыхароў горада тым інфармацыйным вакуумам, які склаўся вакол выбараў у медыйнай прасторы рэгіёна:
- Адзінае незалежнае выданне “Інфа-Кур’ер” можа прысвыяціць выбарам цэлы разварот, а можа тыднямі нават і не згадаваць пра галоўную падзею гэтага года ў нашай краіне. Дзяржаўныя ж газеты і інтэрнэт-рэсурсы, кшталту выканкамаўскай раёнкі “Слуцкі край”, зрэдчас падаюць нейкую сухую афіцыйную інфармацыю ці чарговую оду Аляксандру Лукашэнку. Пра нейкае жвавае абмеркаванне, каментары розных бакоў, агляд прэтэндэнтаў і казаць не даводзіцца.
Да канца этапу збору подпісаў яшчэ застаецца дзевяць дзён. Ці пабачыць рэгіён сапраўдную перадвыбарчую гонку, пакажа час. Пакуль жа няма нават намёку на выхад Случчыны з міжвыбаранай спячкі.