На пікетах у Бабруйску -- партрэты Мікалая Статкевіча (фота)
У Дзень народзінаў Міколы Статкевіча бабруйскія зборшчыкі подпісаў вырашылі нагадаць пра палітвязня гараджанам. Сябры ініцыятыўных груп Анатоля Лябедзькі і Таццяны Караткевіч апранулі цішоткі з выявай палітыка, а таксама размясцілі яго партрэты на сваіх стэндах.
-Не ўсе ведаюць, хто на фота і цішотках, тады мы тлумачым, што гэта Мікола Статкевіч, які зараз знаходзіцца ў турме, бо змагаўся за нашу свабоду, - кажа Галіна Смірнова, сябра ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі. - Мы лічым, гэта добрая магчымасць нагадаць людзям пра Статкевіча, а таксама пра іншых палітвязняў.
-Я ўваходзіла ў ініцыятыўную групу Статкевіча, і таму сёння без ваганняў падтрымала ініцыятыву калег. Збіраю подпісы ў цішотцы з выявай палітвязня, - кажа Алена Мядзведзева з ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч.
У пары крокаў ад пікета Лябедзькі размясціліся зборшчыкі подпісаў за Лукашэнку. Атрымалася дзіўнае суседства, і партрэты палітвязня на фоне плаката з дзеючым прэзідэнтам. Некаторыя выбаршчыкі нават удакладнялі: "а я зараз дакладна не за Лукашэнку падпісваюся?"