Таццяна Караткевіч – у Бабруйску (фота)
Ініцыятыўныя групы ў Бабруйску працягваюць ладзіць вулічныя пікеты па зборы подпісаў. Некаторыя з іх наведваюць прэтэндэнты на прэзідэнцтва. На мінулым тыдні ў Бабруйск прыязджаў Анатоль Лябедзька, а 11 жніўня з выбаршчыкамі сустрэлася Таццяна Караткевіч.
Нагадаем, сустрэчу з Лябедзькам наведалі ідэолагі, сустрэча з Караткевіч абыйшлася без прысутнасці мясцовых чыноўнікаў.
У Бабруйску Таццяна Караткевіч наведала цэнтральны рынак, дзе сустрэлася з прадпрымальнікамі. Яны скардзіліся прэтэндэнтцы на дрэнныя ўмовы працы, цікавіліся, што б яна зрабіла для дробнага бізнэсу, калі б прыйшла да ўлады. Некаторыя падыходзілі, каб проста павітацца і сфатаграфавацца з госцяй, выказвалі словы падтрымкі.
-Прадпрымальнікаў магло б прыйсці і больш на сустрэчу, але людзі баяцца, - кажа Алена Мядзведзева, мясцовы кіраўнік штаба Караткевіч. - А вось сустрэча на рагу Мінскай і Кастрычніцкай, каля лазні, пакінула самыя лепшыя ўражанні. Было шмат моладзі, людзі падыходзілі і ахвотна падпісваліся. Усё прайшло ў прыязнай і цёплай атмасферы. Пасля мы паехалі на вуліцу Ульянаўскую, каб сустрэцца з жыхарамі інтэрнату, якім дапамагалі вырашыць праблему з асвятленнем. Але не ўсе жыхары выйшлі, некаторыя ўбачылі сцягі нашай кампаніі і пабяліся размаўляць з Караткевіч.
Алена Мядзведзева кажа, што ў асноўным бабруйчане ўспрымаюць асобу Таццяны Караткевіч прыязна. Таксама яна адзначае, што сярод выбаршчыкаў стала меньш тых, якія не могуць вызначыцца.
-Раней такіх было болей. Зараз людзі ў асноўным канкрэтна кажуць, "за" ці "супраць" яны незалежных кандыдатаў. Засталіся, канешне, і абыякавыя, але іх меньш. Ёсць і такія, хто не лянуецца прыехаць у Бабруйск нават з бліжэйшых вёсак і гарадоў, каб падпісацца за Таццяну. Нядаўна быў выпадак, цэлая сям'я з Клічава прыехала падпісацца, бо ў іх у горадзе няма ініцыятыўнай групы Караткевіч, - распавядае Алена Мядзведзева.