У Лунінцы на “Палессеэлектрамашы” пашпартныя дадзеныя для падпісных лістоў узялі з асабістых спраў работнікаў
Як распавялі грамадскаму актывісту Віталю Каліноўскаму рабочыя лунінецкага прадыпрыемства “Палессеэлектрамаш”, да іх на працоўных месцах падыходзілі іх начальнікі і прапаноўвалі паставіць подпісы за Аляксандра Лукашэнку ў падпісных лістах. Нават пашпарты не патрабавалі, бо пашпартныя дадзеныя ёсць у асабістых справах работнікаў.
Па словах В. Каліноўскага, не ўсе рабочыя “Палессеэлектрамаша” пагадзіліся па ўказцы начальства падпісвацца. Гэта не здзіўляе, бо эканамічны стан прадпрыемства цяжкі, яно перайшло на трохдзёнку, і рабочым прапанавалі “зацягнуць паясы”.
Віталь Каліноўскі збірае подпісы за вылучэнне Таццяны Караткевіч. Верагодна таму, падпісаўшыся за альтэрнатыўнага прэтэндэнта, жыхары больш адкрыта дзеляцца з ім інфармацыяй пра тое, якім чынам адбываецца кампанія па зборы подпісаў за дзеючага кіраўніка дзяржавы на іх працоўных месцах.