У Брэсце подпісы збіраюць “памочнікі сябраў ініцыятыўнай групы” А. Лукашэнкі
Парушэнні, звязаныя з працэсам збора подпісаў на пікетах у падтрымку А. Лукашэнка, зафіксаваў назіральнік з Брэсту.
5 жніўня ў 13.00 сябра ініцыятыўнай групы В. Астапук адсутніічала на пікеце, а подпісы збірала асоба, не ўпаўнаважаная на збор подпісаў. Грамадзянка М. Марозава прадставілася “памочнікам сябры ініцыятыўнай групы” А. Лукашэнка, збірала подпісы ў прысутнасці назіральніка. На пытанне, дзе знаходзіцца зараз сябра ініцыятыўнай групы адказаць не змагла. На заўвагу, што ў яе няма паўнамоцтваў збіраць подпісы – не адрэгавала. Пры назіральніку было зафіксавана парушэнне: М.Марозава атрымала подпіс ад Кароціч Людмілы.
Таксама назіральнік зазначыў, што сябры ініцыятыўнай групы за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты А. Лукашэнка карыстаюцца выдадзенай масавым тыражом без выходных дадзеных “Памяткай памочніку сябры ініцыятыўнай групы”. Па словах сябры ўказанай ініцыятыўнай групы Ганны Пішчык, гэту кніжуку яна атрымала ад начальніка аддзелу ідэалогіі Маскоўскага раёна г. Брэста.
Назіральнікі зазначаюць, што ў самой гэтай “памятцы” адзначана, хто і пры якіх умовах можа збіраць подпісы. Аднак, гэта не перашкаджае памочнікам сябраў ініцыятыўнай групы збіраць подпісы, парушаючы заканадаўства.
У сваю чаргу “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначаюць, што ўведзеная катэгорыя “памочніка” не адпавядае выбарчаму заканадаўству і выкарыстоўваецца ўжо не ўпершыню. У гэтым годзе ў п. 8 Пастановы ЦВК №18 ад 1 ліпеня 2015 г. “Аб тлумачэнні прымянення палажэнняў артыкула 61 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжвае парадак збору подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асобаў, прапанаваных для вылучэння кандыдатамі у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, пры правядзенні выбараў у 2015 годзе” пазначана:
“Звесткі аб выбаршчыку, прадугледжаныя ў графах 1 - 5 падпіснога лісту, могуць запоўняцца як выбарчышчыка, так і іншай асобай па просьбе выбаршчыка, у тым ліку сябрам ініцыятыўнай групы, які збірае подпісы”.
Аднак, Выбарчы Кодэкс дае падрабязнае рэгуляванне працэдуры стварэння і рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Таксама ВК не толькі не прадугледжвае дэлегаванне трэцім асобам паўнамоцтваў члена ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў, але і абавязвае выбарчыя камісіі прызнаваць несапраўднымі ўсе подпісы выбаршчыкаў у падпісным лісце, калі яны былі сабраныя асобай, якая не з’яўляецца членам ініцыятыўнай групы (п. 8 ч.16 арт. 61 ВК).