У Баранавічах Таццяну Караткевіч сустракалі ў вышыванцы і вялікім караваем (фота)
7 жніўня прэтэндэнт ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч разам з сябрамі сваёй ініцыятыўнай групы наведалі самае масавае месца ў Баранавічах – цэнтральны кааператыўны кірмаш па вуліцы Чарнашэўскага. Кіраўнік Баранавіцкай ініцыятыўнай групы Мікалай Чарнавус сустрэў Таццяну Караткевіч у вышыванцы і з вялікім караваем. Духмянай і смачнай булкай частаваліся не толькі прыхільнікі Таццяны Караткевіч, але прадпрымальнікі і звычайныя мінакі. Пасля нядоўгага частавання прысмакамі Чарнавуса пачаўся працэс збору подпісаў у падтрымку прэтэндэнта.
Яшчэ да прыезда Таццяны Караткевіч дырэктар Баранавіцкага кааператыўнага рынку Васіль Саўчанка катэгарычна забараніў Мікалаю Чарнавусу збіраць подпісы на тэрыторыі гандлёвага цэнтра, маўляў, будуць непрыемнасці. Затым ён неаднаразова галосна выклікаў міліцыю і імкнуўся перашкодзіць карэспандэнтам недзяржаўнай газеты “Intex-press”, якія бралі інтэрв’ю і фатаграфавалі ўдзельнікаў сустрэчы з Таццянай Караткевіч.
Але падчас збору подпісаў і самой сустрэчы Таццяны Караткевіч з прадпрымальнікамі ніякіх перашкод з боку праваахоўнікаў заўважана не было. Усё прайшло спакойна, нетрадыцыйна і прыгожа, адзначаюць сябры ініцыятыўнай групы.