Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Бабруйск: На сустрэчу з Лябедзькам прыйшлі ідэолагі

Анатоль Лябедзька наведаў 7 жніўня пікеты па зборы подпісаў у Бабруйску. Адзін з іх адбыўся каля прахадной ААТ "Белшына". За пяць месяцаў бягучага года тут звольнілі каля тысячы працоўных.

Актывісты жадалі паразмаўляць з рабочымі, але нечакана для іх на пікет прыйшлі ідэолагі: Ігар Несцяровіч - загадчык сектара па працы з грамадскімі аб'яднаннямі, рэлігійнымі арганізацыямі і моладдзю упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама, Юры Андрыеўскі - начальнік аддзела ідэалагічнай і сацыяльнай работы ААТ "Белшына", Юры Русецкі - намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы і агульных пытаннях ААТ "Белшына", а таксама Сяргей Біткін - член абласной камісіі па выбарах прэзідэнта. Чыноўнікі дыскутавалі з Анатолем Лябедзькам, а рабочыя, якія не пабаяліся падыйсці да пікетоўшчыкаў, выказаліся пра свае праблемы. Некаторыя працоўныя спяшаліся як мага хутчэй прабегчы праз зборшчыкаў подпісаў з каментарамі, што ўжо падпісаліся за Лукашэнку. Мясцовыя журналісты мяркуюць, што рабочых маглі напалохаць фота і відэакамеры.

-Мясцовыя чыноўнікі паводзяць сябе вельмі лаяльна ў дачыненні да сябраў ініцыятыўных груп, - адзначыла бабруйская актывістка АГП Галіна Смірнова. - І яны адчуваюць сябе вельмі ўпэўнена. Я запрасіла ідэолага Ігара Несцяровіча наведаць нашы пікеты каля лазні, на рагу Мінскай і Кастрычніцкай. Каб паслухаў, што кажуць людзі, колькі ў іх праблем. Гэта рэальная магчымасць даведацца, пра што на самой справе зараз думаюць людзі.

Пасля сустрэчы з "белшынаўцамі" Анатоль Лябедзька паехаў на пляцоўку на скрыжаванні Мінскай і Кастрычніцкай. Ідэолагі ад паездкі ўстрымаліся. Тут патэнцыйны кандыдат зноў скарыстаўся мегафонам, каб прыцягнуць увагу бабруйчан. Некаторыя з іх ставіліся да інфармацыі станоўча, падыходзілі паслухаць, нехта запытваўся: "Што бясплатнае тут раздаюць?". Але трапляліся і агрэсіўна настроеныя выбаршчыкі, напрыклад, адна жанчына накінулася на Лябедзьку з крыкамі: "Хто вам дазволіў такое казаць?!", яе ледзь адцягнулі ад палітыка.

-У параўнанні з мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі зараз у людзей мала да іх цікавасці, - кажа Галіна Смірнова. - Тыя, хто супраць Лукашэнкі, не вераць у перамогу незалежнага кандыдата, кажуць "ужо ўсё вырашана!" А тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку, таксама не цікавяцца выбарамі, і тлумачаць гэта тым жа, што "ўсё вырашана". Магчыма, з гэтым звязаны і "разгул дэмакратыі", які можна назіраць падчас гэтай кампаніі, - мяркуе бабруйская актывістка.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары