Хочаш удзельнічаць у выбарах? Можаш і ў ЛПП трапіць
У гісторыі затрымання і асуджэння неадбыўшагася кандыдата ў прэзідэнты Юрыя Шульгана і кіраўніка яго ініцыятыўнай групы Паўла Канавальчыка шмат няўвязак і супярэчлівых фактаў. Юрысты Праваабарончага цэнтра "Вясна" пастараліся раскласці ўсё «па палічках».
Затрыманне і складанне пратаколаў
Юрый Шульган і Павел Канавальчык былі затрыманыя 17 ліпеня ў 15.30 па ч. 1 артыкула 17.3 КаАП - «Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы, або з'яўленне ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе, які абражае чалавечую годнасць і маральнасць». За такое правапарушэнне прадугледжаны штраф да 8 базавых велічынь.
На працягу 3 гадзінаў з моманту затрымання, згодна з КаАП, затрыманых павінны былі апытаць, асведчыць на алкагольнае ап'яненне, вынесці рашэнне аб накладанні адміністрацыйнага штрафу (ці выдаць позву, калі рашэнне не магло быць прынята ў той дзень) і адпусціць. Але гэта не дало б супрацоўнікам міліцыі ізаляваць прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта і яго паплечніка.
Таму ў момант заканчэння 3 гадзінаў пасля затрыманьня, а менавіта ў 18.30, супрацоўнікі раптам фіксуюць, што ў будынку РУУС Маскоўскага раёна г. Мінска Ю. Шульган і П. Канавальчык сталі «беспадстаўна з хуліганскіх меркаванняў груба нецэнзурна лаяцца, на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі не рэагаваць», і такім чынам парушаць грамадскі парадак.
Яшчэ больш адметны той факт, што з 18.15 да 18.25 па пратаколе асабістага ператрусу затрыманых абшуквалі згодна ўжо пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 17.1 КаАП - "Дробнае хуліганства". Г.зн. супрацоўнікі Маскоўскага РУУС як бы прадбачылі: спачатку ўсталёўваюць факт алкагольнага ап'янення, і замест таго, каб накласці штраф і адпусціць, праводзяць асабісты ператрус, і толькі потым фіксуюць факт "нецэнзурнай лаянкі".
Акрамя таго, пасля дастаўлення затрыманых у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, Ю. Шульгана і П. Канавальчыка яшчэ раз асведчылі на ўтрыманне алкаголю ў крыві і дазіметр у гэты раз паказваў значэнне ў 6 разоў ніжэй, чым у РУУС.
Суд і яго рашэнне
У судзе ж, як і пры разглядзе шматлікіх іншых падобных адміністрацыйных спраў, сведкамі выступаюць супрацоўнікі РУУС, якія самі ж затрымліваюць абвінавачаных, пішуць рапарты. Сведчанням самога затрыманага, як і довадам абаронцы, суддзя Таццяна Матыль не верыць. Таксама, як і не праводзіць поўнага даследавання доказаў. У прыватнасці, у судовых пасяджэннях былі заяўлены хадайніцтва аб запатрабаванні і даследаванні відэа з відэакамеры, якая знаходзіцца ў фае Маскоўскага РУУС г. Мінска. На ёй, як лічаць Ю. Шульган і П. Канавальчык ёсць неабвержныя доказы таго, што яны не маглі здзейсніць правапарушэнне па арт. 17.1 КаАП, бо ўвесь час гэты час былі затрыманымі. Аднак, запісы камер у РУУС судом даследаваныя не былі.
Суддзя Т. Матыль накладае на кожнага затрыманага штраф у памеры 30 базавых велічынь. Яна ўжо не ўпершыню прымае рашэнні аб вінаватасці ў дачыненні да грамадзянскіх актывістаў. Толькі за 2014 яна прыцягнула да адміністрацыйнай адказнасці актывістаў не менш 6 разоў.
Якія рашэнні былі вынесеныя ў РУУС па пратаколах першапачатковага абвінавачванні па ч. 1 арт. 17.3 КаАП да гэтага часу невядома.
На думку ж праваабаронцаў, мела месца адвольнае «прэвентыўнае» затрыманне. Ю. Шульган і П. Канавальчык ўжо накіравалі свае скаргі ў Мінскі гарадскі суд на пастанову аб адміністрацыйным парушэнні арт. 17.1. КаАП ад 20 ліпеня 2015 года суда Маскоўскага раёна г. Мінска.
Працяг будзе?
Аднак, і на гэтым гісторыя не скончылася. Сёння - 31 ліпеня каля 7 гадзін раніцы да Паўла Канавальчыка прыйшлі супрацоўнікі ўнутраных спраў і "папрасілі" праехаць з імі на агляд яго па дыягназу "сіндром алкагольнай залежнасці". Падставай для дастаўлення на агляд паслужылі тры пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, па адным з якіх раней справа была прыпыненая і ніяк не тычылася парушэнні па арт. 17.3 КаАП. Аднак, камісія не пацвердзіла заяўлены ў пратаколе дыягназ, а толькі рэкамендавала ў добраахвотным парадку звярнуцца ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя, у народзе празваны "Навінкі", і выдала адпаведнае накіраванне.
"Мяне фактычна бяруць на кароткі ланцужок. Кожны мой няправільны крок можа быць падставай, каб мяне зачынілі ў Лячэбна-працоўны прафілакторый. Цяпер мяне лёгка можна кантраляваць і шантажаваць", - робіць выснову Павел Канавальчык.