Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Валеры Ухналёў: пакватэрны абыход пакуль не прыносіць вынікаў

Валер Ухналёў, намеснік старшыні партыі “Справядлівы свет”, які каардынуе дзейнасць ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты Сяргея Калякіна, лічыць, што надзея назбіраць неабходныя для далейшага ўдзелу ў выбарах 100000 галасоў застаецца, нягледзячы на невялікую актыўнасць грамадзян. За першыя 4 дні па рэспубліцы за прадстаўніка партыі было назбірана крыху больш за 6000 подпісаў. Такая не зусім вялікая лічба тлумачыцца тым, што на пачатак кампаніі не ўсе яшчэ ўключыліся ў працу.

Карыстацца нейкімі спецыяльнымі сродкамі актывізацыі насельніцтва да падпісання ў Мінску прыхільнікі Калякіна не плануюць. Затое ў Гомельскай вобласці па мястэчках, дзе не праводзяцца пікеты, ездзіць спецыяльны адметны мікрааўтобус з банерамі, сцягам і песнямі. Але ж і гэта не прыносіць вялікага эфекту – да 10 подпісаў за 3-4 гадзіны. Спроба мэтанакіраванага пакватэрнага абыходу комплекса інтэрнатаў камбіната “Хімвалакно” ў Магілёве такасама не прынесла асаблівых вынікаў.

– У цэлым актыўнасць грамадзян, мякка кажучы, невялікая, калі не сказаць, што яе ўвогуле няма, – адзначае Валер Ухналёў. – Хтосьці проста не бачыць сэнсу ў выбарах, бо і так вядома, хто будзе прэзідэнтам, хтосьці баіцца паставіць подпіс за апазіцыйнага кандыдата, хаця я не думаю, што гэта будзе нейкім чынам пераследавацца з боку ўлады. Але ёсць і такія, хто цікавіцца, пакідае нам свае каардынаты ці вяртаецца на другі дзень з пашпартам, каб падпісацца.

Стратэгія партыі “Справядлівы свет” на гэтых выбарах у трыядзе мэтаў – абазначыць прысутнасць партыі на палітычным полі, паказаць наяўнасць праграмы вываду Беларусі з той крызіснай сітуацыі, у якой яна знаходзіцца, і на апошнім месцы – спроба давесці Сяргея Калякіна да прэзідэнцкай пасады.

– Пакуль мы хочам даць людзям магчымасць паўдзельнічаць у працэсе, і практыка паказвае, што такім чынам наша задача рэалізоўваецца, – дадаў Валер Ухналёў. – Мы удзельнічаем у кампаніі, таму што думаем пра будучыню і таму што не маем магчымасці ў іншы час правесці пікет. За апошнія дзесяцігоддзі нам дазволілі зрабіць гэта літаральна пару разоў. Выбары скончаццца, і такая магчымасць зноў знікне.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары