У Віцебску КХП-БНФ запрасіў улады на пікеты "За сумленныя выбары"
Заяўнікі пікетаў – сябры Кансерватыўна-Хрысціянаскай партыі БНФ – мяркуюць, што ўлады павінны падтрымаць такую патрыятычную ідэю і нават далучыцца да масавых акцый. Запрашэнні ўзяць удзел у пікетах накіраваны ў адміністрацыі Першамайскага і Чыгуначнага раёнаў Віцебска. Акцыі прызначаны на 9 жніўня.
Калі раённыя ўлады адгукнуцца на запрашэнне правесці акцыі супольна, то ў заяўнікаў не будзе неабходнасці заключаць дамовы з міліцыяй, камунальнікамі і медыкамі, як прадпрісана ў рашэнні Віцебскага гарвыканкаму для прыватных асоб. Заключыць такія дамовы немагчыма – гэта паказала практыка, паводле якой за апошнія шэсць гадоў па ініцыятыве апазіцыйных актывістаў не было дазволена ніводнай масавай акцыі.
У заяўках на пікеты напісана, што мэты імпрэзаў - нагадаць жыхарам Віцебска пра іх абавязак – браць удзел у сумленных выбарах, якія адпавядаюць міжнародным стандартам і абавязацельствам Рэспублікі Беларусь, пры якіх уладамі захоўваюцца фундаментальныя правы і свабоды беларускіх грамадзян.
Заяўнікі павінны атрымаць адказ не пазней як 4 жніўня.