Мікашэвічы: пры зборы подпісаў запрацаваў адміністрацыйны рэсурс
У Мікашэвічскай бальніцы, якая з’яўляецца філіялам Лунінецкай цэнтральнай бальніцы, у працоўны час з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу, адбываецца збор подпісаў у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта стала вядома 30 ліпеня сябру Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Віталю Каліноўскаму ад супрацоўнікаў медычнай установы, якія не пажадалі называць свае прозвішчы:
“Санітарачкі падыходзяць і кажуць: “Нас усіх выклікалі да галоўурача з пашпартамі і тыкалі ў твар паперай: "Падпісвай!" Падпісацца прымусілі за вылучэнне Лукашэнкі.”
“Ініцыятыва” збору подпісаў, хутчэй за ўсё, сыходзіла ад Андрэя Ганісеўскага, загадчыка філіяла бальніцы.
Віталь Каліноўскі паведамляе, што з падобным прымусам сутыкаюцца і работнікі Мікашэвічскага РУПП “Граніт”. Іх таксама выклікаюць з пашпартамі ў кантору, дзе сядзіць кіраўніцтва, каб падпісвацца за Аляксандра Лукашэнку.