Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Уладзімір Лабковіч: Пазбаўленне акрэдытацыі назіральнікаў на выбарах – гэта зброя, якую стварае сабе выбарчая сістэма беларускай улады

Беларускі Хельсінкскій камітэт у межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» звярнуўся ў Цэнтральную выбарчую камісію (ЦВК) з просьбай патлумачыць ч. 9 арт. 13 Выбарчага кодэксу – “Камісія, пры якой назіральнік акрэдытаваны, мае права пазбавіць яго акрэдытацыі ў выпадку парушэння ім заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах, рэферндуме, адкліканні дэпутата”. У звароце праваабаронцы адзначаюць, што пасля паседжання 1 ліпеня 2015 ЦВК, на якім была прынята Пастанова №20 і зацверждана Палажэнне аб парадку накіравання назіральнікаў пры падрыхтоўцы і правядзенню выбараў Прэзідэнта, старшыня ЦВК агучыла сваё бачанне наступстваў пазбаўлення акрэдытацыі назіральнікаў выбарчай камісіяй: пры парушэнні назіральнікам заканадаўства аб выбарах ён пазбаўляецца акрэдытацыі да сканчэння выбараў і не можа быць паўторна акрэдытаваны ў якасці назіральніка ў гэтай самай камісіі.

На погляд праваабаронцаў, пазбаўленне назіральніка акрэдытацыі не азначае немагчымасць паўторнай акрэдытацыі іншымі спосабамі і сцверджэнне старшыні ЦВК не адпавядае нормам Выбарчага кодэкса. Абапіраючыся на закон, “Праваабаронцы за свабодныя выбары” робяць высновы, што у апісаных выпадках назіральнік пазбаўляецца акрэдытацыі па канкрэтнаму напрамку, што не пазбаўляе яго права быць акрэдытаваным у якасці назіральніка ў той жа камісіі па іншаму накірунку, у тым ліку, ад іншага суб’екта. Акрамя таго, праваабаронцы лічаць, што прававая трактоўка, агучаная на паседжанні ЦВК, стварае падставу для неправамернага абмежавання магчымасцяў для назірання і можа быць адвольна выкарыстаная выбарчымі камісіямі для ліквідацыі непажаданых назіральнікаў з участку для галасавання або з пасяджэнняў камісій.

На ўсю занепакоенасць праваабаронцаў Лідзія Ярмошына адказала, што меркаванні праваабаронцаў не маюць падставы і не заснаваны на нормах Выбарчага кодэкса. І што менавіта ч.9 у арт. 13 была ўведзена ў 2013 годзе з улікам практыкі правядзення выбараў з мэтай недапушчэння сістэматычнага парушэння заканадаўства некаторымі назіральнікамі. Старшыня ЦВК звяртае ўвагу, што раней была прадугледжана магчымасць разавага выдалення назіральніка. Пасля чаго, частка назіральнікаў злоўжывалі немагчымасцю іх выдалення з паседжанняў камісій на ўвесь перыяд і дазвалялі сабе рэгулярныя парушэнні. Менавіта таму Выбарчы кодэкс быў дапоўнены нормамі аб парадку акрэдытацыі назіральнікаў на перыяд выбараў і пазбаўлення іх гэтай акрэдытацыі як меры адказнасці за парушэнні.

“Гарантыяй ад злоўжывання правам выдалення непажаданых назіральнікаў з’яўляецца прадугледжанная законам працэдура калегіяльнага прыняцця рашэння камісіі і права на яго абскаржанне”, - сцвярджаецца ў адказе.

Каментуючы адказ ЦВК, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч падкрэсліў:

“Фактычна з адказу вынікае, што ЦВК выйшла за межы сваіх паўнамоцтваў і занялася талкаваннем выбарчага заканадаўства. Выключэнне назіральніка прадугледжана ч. 9 артыкула 13 Выбарчага кодэксу, але нідзе не сцвяржаецца, што пазбаўлення акрэдытацыі не дае магчымасці атрымаць яе зноў, напрыклад, ад іншага суб’екта. Пазбаўленне акрэдытацыі на ўвесь перыяд выбараў не вынікае ні з самаго Выбарчага кодэксу, ні з пастаноў ды метадычных рэкамендацый, выдадзеных ЦВК. Гэта непрыхаваная прыватная думка сябраў камісіі. Зразумела, што гэта было зроблена для таго, каб кантраляваць назіральнікаў і мець неабмежаваную магчымасць пазбаўляць іх акрэдытацыі ў любы момант і ў неабмежаванай колькасці. Гэта зброя, якую стварае сабе выбарчая сістэма вертыкалі ўлады, каб перашкаджаць назіральнікам якасна выконваць свае функцый”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары