Салігорск: подпісы за Лукашэнку збіраюць з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу
Салігорскія праваабаронцы пачынаюць атрымліваць першыя сігналы аб выкарыстанні камандай Аляксандра Лукашэнкі адміністрацыйнага рэсурсу для збору подпісаў.
Распавядае рэгіянальны прадстаўнік Беларускага Хельсінкаскага Камітэту Леанід Мархотка:
- Намі ўжо атрыманыя некалькі сведчанняў грамадзян аб зборы подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі дзяржаўнымі службоўцамі ў розных установах. Паказальны выпадак адбыўся ў Салігорскім цэнтры занятасці насельніцтва падчас правядзення там заняткаў па падвышэнні кваліфікацыі. Адна з работніц цэнтру ледздь не ў загадным тоне запатрабавала ад удзельнікаў заняткаў падпісацца за дзеюячага кіраўніка краіны. На заўвагі некаторых навучэнцаў аб сумнеўнай законнасці такога збору подпісаў у дзяржаўнай установе і ў працоўны час прадстаўніца каманды Аляксандра Лукашэнкі адрэагавала нервова. На законнае патрабаванне грамадзян паказаць сваё пасведчанне сябра ініцыятыўнай групы работніца цэнтра занятасці адказала адмовай і пачала проста збягаць. Падобная інфармацыя аб выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу камандай спадара Лукашэнкі трапляла да нас і з горна-хімічнага каледжа, - кажа праваабаронца.
Прадстаўнік БХК заклікаў грамадзян паведамляць незалежным назіральнікам у рэгіёне пра ўсе факты выкарыстаня кандыдатамі адміністрацыйнага рэсурсу ці іншыя парушэнні выбарчага заканадаўства.