У Мінску -- пікет у падтрымку палітвязняў (фота)
Сёння каля сталічнага ГУМа адбываецца пікет салідарнасці з палітвязнямі і роднымі выкрадзеных, арганізаваны ініцыятыўнай групай кандыдата ў прэзідэнты Анатоля Лябедзькі. У прадстаўнікоў выбарчай камісіі Цэнтральнага раёна ўзніклі заўвагі адносна здымкаў, якія трымалі ў руках удзельнікі мерапрыемства.
Сам Анатоль Лябедзька прысутнічаў на пікеце амаль гадзіну, за гэты час да яго падыйшоў намеснік старшыні выбарчай камісіі Цэнтральнага раёна Кручкоў Барыс Уладзіміравіч з заўвагай, што нельга стаяць з партрэтамі палітычных вязняў ці зніклых, а можна толькі са сваім.
У адказ Анатоль Лябедзька папрасіў даць спасылку на Выбарчы кодэкс, дзе было б напісана, што забаронена стаяць у пікетах з выявамі іншых людзей, прапанаваўшы намесніку старшыні непасрэдна друкаваны варыянт Кодэксу. Прэтэндэнт у кандыдаты дадаў, што ён агітуе за сябе, але хацеў бы, каб сёння яго даверанай асобай быў Віктар Ганчар.
– Пытанне прадстаўнікоў выбарчай камісіі Цэнтральнага раёна – гэта такі мяккі націск адносна нас і таго, што мы робім, – пракаментаваў Анатоль Лябедзька. – Калі мы прадэманстравалі Выбарчы кодэкс і папрасілі паказаць, дзе напісана, што мы робім нешта не так, альбо трэба рабіць па-іншаму, яны адразу рэціраваліся. Натуральна, што ў кодэксе няма спасылкі, якая забараняе стаяць з выявамі палітвязняў, а дазваляе толькі са сваім партрэтам.
Лідэр партыі АГП адзначыў, што сёняшні тэматычны пікет – яшчэ адна прыступка ў дасягненні дзвюх галоўных задач гэтай выбарчай кампаніі: не дапусціць легетымацыі вынікаў выбарчай кампаніі без свабодных сумленных выбараў і праз пазітыўную эканамічную альтэрнатыву павялічыць колькасць удзельнікаў палітычнага працэса.
– Мы працуем па сваім сцэнары і не ходзім па вузкіх калідорах, якія нам прапануе ўлада і сілавыя структуры. Мы лічым, што гэта шанец раз у пяць гадоў мець нейкія камунікацыі з людзьмі. Улада вымушана ісці нам насустрач, хаця яна і не хоча гэтага рабіць, але прыходзіцца слухаць і пра спецпаліклінікі, і рэзідэнцыі, і эскадроны смерці, і палітычных вязняў. Калі ў нас такая магчымасць з’яўляецца, мы гаворым пра гэта людзям. Я не разумею тых, хто кажа, што не трэба нічога рабіць, а пачакаць, пакуль яблык згніе і зваліцца сам, але ж такі яблык можа правісець і не адзін год. Мы не можам патрабаваць ад людзей, каб яны былі актыўнымі, калі не будзем з імі размаўляць.
У першы ж тыдзень збору подпісаў у сябраў ініцыятыўных груп Анатоля Лябедзькі узніклі праблемы і з месцамі правядзення пікетаў, і з затрыманнямі, на што прэтэндэнт у кандыдаты зазначыў:
– Мы, відаць, адзіныя, у каго існуюць рэальныя праблемы, і гэта рэфлексія ўлады на тое, што мы не хочам гуляць па агульным сцэнары ўлады, а ставім свае мэты і задачы. Рэакцыя нервовая, і гэта адчуваецца ў тым ліку і ў СМІ. Але мы свой выбар зрабілі і пройдзем па гэтай дыстанцыі столькі, сколькі нам удасца. Фактычна мы працуем ужо два месяцы. Калі мы зарэгіструемся, то атрымаем яшчэ паўтары месяцы працы. Мне ўсё роўна, якія адсодкі мне паставяць, і хутчэй за ўсё нават калі мы збяром 100 000 подпісаў, майго прозвішча не будзе ў бюлетэні. Я дапускаю, што мы можам і не сабраць неабходную колькасць, але мы будзем шкадаваць не пра тое, што нас не зарэгіструюць, а што не будзе магчымасці яшчэ паўтары месяцы пагутарыць з людзьмі.
Пікет працягнецца да сямі гадзін вечара.