У Слоніме пакуль збіраюць подпісы толькі за Караткевіч і Калякіна
У Слоніме з усіх ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на кандыдатаў у прэзідэнты пакуль былі заўважаны толькі дзве, якія збіраюць подпісы за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч і Сяргея Калякіна.
Па словах грамадскага актывіста Альберта Глінніка, які збірае подпісы за Таццяну Караткевіч, у іх ініцыятыўнай групе ў горадзе над Шчарай налічваецца 9 зборшчыкаў. На сёння за яе ўжо сабрана ў Слоніме больш за 200 подпісаў. “Людзі не ведаюць, хто такая Караткевіч. Прыходзіцца шмат расказваць пра яе. І толькі тады слонімцы ставяць свае подпісы”, – сказаў спадар Гліннік.
Як паведаміў адзін са зборшчыкаў за Сяргея Калякіна Сяргей Бузун, слонімцы пакуль не вельмі актыўна ставяць свае подпісы за Калякіна. “Асабліва незадаволеныя выбарамі пенсіянеры. Яны наогул слухаць пра выбары нічога не хочуць. За Калякіна ў Слоніме сабрана каля 50 подпісаў”, – сказаў спадар Бузун.
Названыя ініцыятыўныя групы збіраюць у Слоніме подпісы па кватэрах “ад дзвярэй да дзвярэй”. Ніякіх эксцэсаў цягам першых дзён збору подпісаў не зафіксавана.
Зборшчыкаў подпісаў за Аляксандра Лукашэнку ў Слоніме пакуль не было заўважана.