Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Гарадоцкі райвыканкам пачаў фармаваць спісы выбаршчыкаў для галасавання на даму (скрыншот)

Гарадоцкі райвыканкам размясціў на сваім афіцыйным сайце аб'яву пра тое, што “з 23.07.2015 па 09.08.2015 у раёне праводзіцца праца па ўліку выбаршчыкаў для складання спісу грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія зарэгістраваны на тэрыторыі адпаведных участкаў для галасавання і маюць права ўдзельнічаць у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. У гэтай жа абвестцы ўказваецца, што “разам з тым, ідзе ўдакладненне вусных і пісьмовых просьбаў выбаршчыкаў, якія па стане здароўя або па іншых уважлівых прычынах не змогуць у дзень выбараў прыйсці ў памяшканне для галасавання і жадаюць прагаласаваць па месцы іх знаходжання".

Абвестка размешчана ў раздзеле "актуальная інфармацыя" пад рубрыкай "Выбары".

Такая самая абвестка надрукавана і ў раённай газеце "Гарадоцкі веснік", піша сайт haradok.info.

Актывіст Руху “За свабоду!”, сябра БСДП (Грамада) Леанід Гаравы ўдакладняе, што фіксаваць вусныя і пісьмовыя просьбы выбаршчыкаў наконт галасавання на даму – гэта абавязак участковых камісій, якія яшчэ не створаны. Спадар Гаравы лічыць, што інфармацыя на сайце выканкама – гэта прамое сведчанне таго, што падчас удакладнення спісаў выбаршчыкаў з 23 ліпеня па 9 жніўня абавязкі участковых камісій будуць перакладзены на іншых асоб.

Леанід Гаравы звярнуўся да Пятра Каробчыца, старшыні Гарадоцкага райвыканкаму, з патрабаваннем спыніць дзейнасць асоб, якія з 23 ліпеня маюць намер парушаць закон. Участковая камісія мусіць мець пэўны адрас і тэлефон для зваротаў і сувязі і будзе працаваць адпаведна графіка, зацверджанага Цэнтрвыбаркамам, удакладняе актывіст. А ўмяшанне ў выбарчы працэс нейкіх іншых асоб ці структур з мэтаю "дапамагчы" з'яўляецца парушэннем устаноўленага законам парадку.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары