Анатоль Лябедзька прыязжаў сустрэцца з віцебскімі выбаршчыкамі (фота)
Лідэр АГП 25 ліпеня наведаў віцебскія кірмашы, дзе сустрэўся з прадпрымальнікамі, а таксама адказваў на пытанні віцяблян на пікеце па зборы подпісаў.
Многія мясцовыя жыхары адразу не пазнавалі спадара Лябедзьку – проста не чакалі, што ён прыедзе ў Віцебск, каб падтрымаць чальцоў ініцыятыўнай групы, якія збіраюць подпісы за ягонае вылучэнне. Калі ж пазнавалі, то адразу з'яўлялася шмат пытанняў. Сярод іх галоўнае: "Ці насамрэч можна чакаць нейкага іншага выніку выбараў - не такога, як было ў мінулыя разы?"
Паводле палітыка, спадзявацца на змену ўлады ў краіне цяжка. Аднак магчымасць сустракацца з людзьмі ў перадвыбарчы час трэба выкарыстоўваць.
"Каб не выбарчая кампанія, то хіба мы сустрэліся б на пікеце ў Віцебску? Хіба ўвогуле нейкі пікет з апазіцыйным палітыкам быў бы дазволены? А цяпер мы сустракаемся, размаўляем, і гэта важна, бо людзі павінны адчуваць, што пра іх праблемы ведаюць. Я лічу, што прадпрымальнікі – гэта наша мэтавая група. Гэта тыя людзі, якія насамрэч хочуць перамен, хочуць зменаў у эканамічным плане, гэта актыўныя людзі. Таму іхная падтрымка важная для мяне, для маёй партыі, для маіх прыхільнікаў", -- сказаў Анатоль Лябедзька.
Падчас размоваў з прадпрымальнікамі Смаленскага кірмаша і гандлёвага цэнтру "Эвіком" палітык падзяліўся і сваімі планамі нагадаць беларускаму грамадству пра палітвязняў і зніклых палітыкаў. Зрабіць гэта ягоныя аднадумцы збіраюцца бліжэйшымі днямі.