Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Віцебск: "Я падпісвацца не буду, бо не хачу ў турму”. Збор подпісаў (фота)

За першыя два дні працы па зборы подпісаў у горадзе былі заўважаны пікеты ініцыятыўных груп у падтрымку Таццяны Караткевіч, Сяргея Калякіна, Аляксандра Лукашэнкі, Анатоля Лябедзькі.

Самымі першымі, у 10 раніцы 23 ліпеня свой пікет каля гандлёвага цэнтру "Эвіком" выставілі прыхільнікі лідара АГП Анатоля Лябедзькі.

"Шмат хто падыходзіў, але подпісаў пакінулі не так шмат, -- гаворыць каардынатар ініцыятыўных груп Віцебскай вобласці Ірына Яскевіч. – Нашага Анатоля Лябедзьку многія ведаюць, але не ў кожнага пры сабе пашпарт. Таму людзі абяцаюць падыйсці бліжэйшымі днямі, і некаторыя насамрэч падыходзяць".

Самымі шматлікімі 23 ліпеня аказаліся пікеты ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі. За яго збіралі подпісы прадстаўнікі рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў «Белая Русь» і БРСМ, а таксама афіцыйныя прафсаюзы, пікеты былі заўважаныя ў розных месцах гораду: у мікрараёне Білева, каля Ратушы, на плошчы Свабоды, каля ўваходу ў банк «Масква-Мінск».

"Чамусьці пікеты па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку ставяць каля банкаў, верагодна таму, што там ёсць ахова і відэаназіранне, -- дзеліцца сваімі меркаваннямі Мікалай Селівашка, старшыня віцебскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых "Справядлівы свет". – 23-га ліпеня такіх пікетаў было шмат, а сёння, 24-га, ужо і не надта відаць. Прынамсі, сёння каля нас няма нікога. Учора тут збіралі подпісы і за Аляксандра Лукашэнку, і за Таццяну Караткевіч, а сёння – ціха".

Мікалай Селівашка збірае подпісы каля гандлёвага цэнтру "Марка-Сіці" у другой палове дня, калі людзі едуць праз цэнтар дахаты ў "спальныя мікрараёны". У першай палове дня ягоны аднапартыец Анатоль Родзік ладзіў пікет каля Смаленскага кірмаша.

"Ці то месца тут такое, ці нешта яшчэ – але заўважаю вельмі шмат нецвярозых людзей. Яны агрэсіўныя, лаюцца, кажуць, што ніякай альтэрнатывы на прэзідэнцкіх выбарах нам не трэба, што ім добра ўсё як ёсць. Асабліва ўражвае, што шмат нецвярозых жанчын. Яшчэ падыходзяць пенсіянеры, ім у бальшыні таксама "усё добра як ёсць". Бывае, падыходзіць модадзь. Гэтая пераважна каб паразмаўляць пра палітыку, бо шмат ведаюць з інтэрнэту. Ведаюць нават, што мяне не ўключылі ў абласную выбарчую камісію! Дзеляцца меркаваннямі пра падзеі ва Ўкраіне, пра лёс Мікалая Статкевіча, але ў змены, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, не вераць. А былі і такія, што казалі: "Я падпісвацца не буду, бо не хачу ў турму. Ведаю, што тыя, хто супраць Лукашэнкі, усе ў турме. Я лепей ужо на выбарах ціхенька, у кабінцы, прагаласую за каго-небудзь іншага. А подпіс ставіць не будуць, бо мяне тады знойдуць і пасадзяць", -- распавёў Анатоль Родзік.

Кожная ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты да 21 жніўня мусіць сабраць і падаць у выбарчыя камісіі сама меней 100 тысяч подпісаў. Віцебскія паплечнікі Таццяны Караткевіч, прыкладам, збіраюцца сабраць у рэгіёне не менш як 25 тысяч подпісаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары