Збор подпісаў у падтрымку кандыдатаў праз прызму здымкаў дзяржаўных СМІ: чэргі, каб падпісацца за Лукашэнку і нікога — за апазіцыйных кандыдатаў
Гомельская газета «Савецкі раён» падала інфармацыю пра пачатак пікетаў па збору подпісаў, напісаўшы, што ў Савецкім раёне праходзяць пікеты па збору подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і Анатоля Лябедзькі. Пяць здымкаў было прысвечана пікету па збору подпісаў за дзейснага прэзідэнта і толькі на адным здымку — пікет па збору подпісаў у падтрымку Анатоля Лябедзькі. Прычым на здымках «лукашэнкаўскага» пікету фотакарэспандэнт «зафіксаваў» мнагалюднасць і чэргі, а каля «лябедзькаўскага» - самотная жанчына, і ніводнага чалавека. Па словах назіральнікаў, гэтыя здымкі не адпавядаюць рэчаіснасці, бо жыхары Гомеля падыходзілі і да «дзяржаўнага» пікету, і да «апазіцыйнага». Відавочна, тут гаворка ідзе пра маніпуляцыю масавай свядомасці, маўляў, ніхто не ставіць подпісы за кандыдата ад апазіцыі. Газета «Савецкі раён» таксама падала інфармацыю, што на «адным з пікетаў» заўважаны алімпійскі чэмпіён Ігар Макараў, які выступіў і выказаўся, што 11 кастрычніка будзе галасаваць «за дабрыню і чэснасць».
Па тры здымкі з пікетаў па збору подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і Анатоля Лябедзкі змясціла газета «Гомельская праўда». Але і здымкі з «чаргі» за дзеючага прэзідэнта, а апазіцыйны пікет быў пададзены ў газеце праз здымкі такім чынам, што там няма людзей, акрамя тых, хто збірае подпісы.
Хаця гэта не адпавядае праўдзе: 23 ліпеня назіральнікі былі на дадзенай пляцоўцы каля ўнівермага «Гомель», і людзі падыходзілі і ставілі подпісы ў падтрымку і Аляксандра Лукашэнкі, і Анатоля Лябедзькі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”