Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Мінск: з прэтэндэнтамі ў прэзідэнты знаёмяцца, вітаюцца і фатаграфуюцца (фота)

Пікеты па зборы подпісаў за прэтэндэнтаў у прэзідэнты Таццяну Караткевіч, Анатоля Лябедзьку, Віктара Цярэшчанку і Аляксандра Лукашэнку кампактна размясціліся ў першы дзень збору подпісаў у Мінску каля сталічнага ГУМа і універсама “Цэнтральны” . На пікеты прыйшлі і самі першыя тры прэтэндэнты ў кандыдаты.

Як адзначаюць члены ініцыятыўных груп, пікеты праходзяць нармальна, людзі цікавяцца, актыўна падпісваюцца, знаёмяцца з кандыдатамі, вядуць з імі доўгія размовы і нават фатаграфуюцца разам.

Самі прэтэндэнты на прэзідэнцтва таксама праяўлялі актыўнасць, віталі грамадзян, запрашалі да сваіх стэндаў, а таксама заходзілі ў “госці да суседзяў”.

Сябры групы Анатоля Лябедзька заўважылі, што “Людзі настроены пазітыўна, шмат хто пазнае Анатоля, подпісы збіраюцца ў нармальным тэмпе. Цікава, што першым падпісаўшымся ў нас сёння быў грамадзянін з прозвішчам Пазняк”.

Таццяна Караткевіч распавяла, што лічыць сваім абавязкам быць побач з камандай на ўсіх этапах выбараў, збіраецца актыўна ездзіць і па рэгіёнах, каб прыстунічаць на пікетах па ўсёй Беларусі.

– Я новы чалавек, таму мне трэба павялічваць сваю пазнавальнасць, – кажа яна. – Да таго ж, значна лягчэй збіраць подпісы, калі я тут, бо я адразу магу адказаць на пытанні. Гэта стварае адпаведны настрой падчас пікету. Некаторыя падыходзілі проста знаёміцца, цікавіліся маёй працай, хтосьці высвятляў, ці буду я тут заўтра. Сярод падпісаўшыхся былі і не мінчане – людзі са Светалгорску, з Віцебскай вобласці, Вілейскага раёна.

Дзве каманды Таццяны Караткевіч у першы ж дзень збору подпісаў пойдуць і па кватэрах. Сама прэтэндэнтка лічыць гэты спосаб збору подпісаў больш надзейным, бо ён дазваляе атрымаць больш якасныя подпісы.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары