Першыя пікеты ў Бабруйску -- за Лябедзьку і Лукашэнку (фота)
Першыя пікеты ў Бабруйску -- за Лябедзьку і Лукашэнку (фота)
23 ліпеня ў Бабруйску выставілі першыя пікеты па зборы подпісаў. Пакуль выйшлі ў народ толькі сябры ініцыятыўных груп Анатоля Лябедзькі і Аляксандра Лукашэнкі.
Прыхільнікі Анатоля Лябедзькі зладзілі пікет на рагу вуліц Мінскай і Кастрычніцкай, каля гарадской лазні. Гэтае месца даволі папулярнае ў зборшчыкаў подпісаў, тут шматлюдна.
-Я пакуль не лічыла подпісы, але больш за 50 ужо мусіць быць, для першага дня гэта добры вынік, - кажа Галіна Смірнова, мясцовая актывістка АГП. - Шмат хто не мае з сабой пашпартоў, а падпісацца хоча, абяцаюць падыйсці пазней. Нехта падыходзіць, каб расказаць пра свае праблемы. Напрыклад, супрацоўніца трыкатажнай фабрыкі скардзілася, што на працы іх прымушаюць збіраць подпісы і нават далі план, па 160 подпісаў з чалавека! Мясцовыя ідэолагі падыходзілі паразмаўляць, карэспандэнты, і з газеты гарвыканкаму быў фатограф. Першы дзень быў даволі насычаны.
Зборшчыкі подпісаў за Аляксандра Лукашэнку таксама правялі нейкі час на рагу Мінскай і Кастрычніцкай, але пасля накіраваліся на пляцоўку перад гарадскім рынкам. На апошніх прэзідэнцкіх выбарах тут лунаў бела-чырвона-белы сцяг і збіралі подпісы толькі за апазіцыйных кандыдатаў. Сёння гэты пятачок апрабавалі сябры "Белай Русі". Маладыя людзі ў манішках праз мегафон і асабіста заклікалі мінакоў аддаць голас за Лукашэнку. Гэты пікет здымала мясцовае тэлебачанне "Скіф".
На выходныя ў пікеты плануюць таксама выйсці і прыхільнікі Таццяны Караткевіч.