У Салігорску пакуль толькі за Анатоля Лябедзьку збіраюць подпісы ў пікеце (фота)
Сур’ёзнай актыўнасці прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта краіны ў беларускай сталіцы шахцёраў пакуль не назіраецца. 23 ліпеня толькі ініцыятыўная група па зборы подпісаў у падтрымку Анатоля Лябедзькі выставіла пікет каля рынку “Кастрычніцкі”. Іншыя прэтэндэнты на прзідэнцкую пасаду і іх каманды пакуль аніякай публічнай актыўнасці ў сталіцы шахцёраў не праяўлялі.
Анатоль Лябедзька дзень таму, 21 ліпеня, сам наведаў Салігорск і сустрэўся з жыхарамі гораду на рынку “Кастрычніцкі”. Прысутны на месцы падзеяў мясцовы праваабаронца з Беларускага Хельсінкскага Камітэту Леанід Мархотка нейкіх брутальных перашкодаў у той дзень з боку ўладаў у правядзенні мерапрыемства не адзначў, але звярнуў увагу на пэўны псіхалагічны ціск на удзельнікаў сустрэчы.
-- Увесь час спадара Лябедзьку і яго каманду пераследваў супрацоўнік у цывільным, які ажыццяўляў аператыўную відэздымку яго сустрэчаў. Сам апазіцыйны прэтэндэнт на пасаду кіраўніка краіны, відавочна, да такой увагі з боку ўладаў ужо звыклы. А вось жахароў гораду гэтакае фільмаванне вельмі бянтэжыла. Уласна, іншых прычын такіх дзеянняў з боку ўлады знайсці насамрэч цяжка. На людзей гэта аказвае сур’ёзны псіхалагічны ціск. Многія салігорцы з-за відэздымкі проста баяліся падыходзіць да прадстаўніка апазіцыі. Гэткі страх патрапіць у поле зроку сілавых ведмастваў у нашых грамадзян існуе яшчэ з савецкіх часаў. І, шчыра кажучы, зусім не беспадстаўна. Безумоўна, ва ўмовах такога кантролю казаць пра сапраўдную свабоду выбарчага працэсу складана, - кажа праваабаронца.